Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 2 сьнежня)
У Менску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры завершылася канфэрэнцыя, прысьвечаная стварэньню Цэнтру эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледваньняў на базе ЭГУ.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел навукоўцы зь вядучых эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтаў, прадстаўнікі КНГ АБСЭ ў Беларусі і ў Польшчы, кіраўнік офісу праграмы TACIS ад прадстаўніцтва эўракамісіі ў Беларусі, галоўны аналітык сядзібы адмысловага дарадцы ў справах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы штаб-кватэры NATO ў Брусэлі.

На канфэрэнцыі была прадстаўленая канцэпцыя Цэнтру еўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледваньняў, асноўныя праграмы Цэнтру, а таксама акрэсьленыя шляхі й сродкі далейшага супрацоўніцтва з партнэрамі ў ажыцьцяўленьні праекту.

Плянуецца, што пасьля гэтае канфэрэнцыі будзе створаная Міжнародная кансультацыйная рада Цэнтру. Меркаваная дата пачатку праграмы магістарскае падрыхтоўкі ў спэцыяліцазыі эўрапейскія і трансатлянтычныя дасьледваньні — 1 сакавіка 2001 году. Да гэтага часу праграма магістарскае падрыхтоўкі павінна быць зацьверджаная і акрэдытаваная ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. Апроч таго, плянуецца набраць першую групу студэнтаў і падабраць прафэсарска-выкладчыцкі склад для чытаньня курсаў дадзенае праграмы.

Згодна з праектам навучальнага пляну, выкладаньне значнае часткі курсаў будзе праводзіцца запрошанымі прафэсарамі з Усходняй Эўропы, Расеі і ЗША. Аляксандра Гужон з Парыскага Інстытуту палітычных навук лічыць стварэньне Цэнтру своечасовым:

(Гужон: ) "Цяпер у Беларусі, мне здаецца, што студэнтам, якія хочуць працаваць у навуцы, вельмі цяжка. Таму што цяпер яны ня маюць магчымасьці сябе рэалізаваць, і гэта, канешне, для Беларусі вялікая небясьпека, бо я ня ведаю, што тут будзе ў сфэры навукі".

Паведаміла Аляксандра Гужон.

Журналістка Вера Рыч зь Лёнданскай "Таймс" прытрымліваецца гэтае ж думкі:

(Рыч: ) "Гэта вельмі важны праэкт для палітычнай, дэмакратычнай рэформы ў Беларусі ў аспэкце правоў чалавека".

Былы выпускнік факультэту міжнародных стасункаў Белдзяржунівэрсытэту Дзяніс Крывашэін працягвае адукацыю ў Манчэстарскім унівэрсытэце. Ён таксама браў удзел у канфэрэнцыі. Гаворыць Дзяніс Крывашэін:

(Крывашэін: ) "Калі змогуць арганізатары адэкватна інтэграваць тыя прапановы, што рабіліся, я думаю, гэты праэкт можа быць вельмі пасьпяховым. І што вельмі падабаецца асабіста мне – магчымасьць аб'яднаць сыстэмы нашай і заходняй адукацыі".

Мяркуецца, што навучальныя праграмы будуць часткаю ўзаемазьвязаных і ўзаемадапаўняльных формаў дзейнасьці Цэнтру. Палітычная і эканамічная прастора ў Эўропе, трансатлянтычныя стасункі — гэтыя кірункі будуць асноўнымі для навучальнай і навукова-дасьледнай дзейнасьці Цэнтру. З сакавіка 2001 году плянуецца выпуск штоквартальнага навуковага выданьня "Скрыжаваньні".

XS
SM
MD
LG