Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

(эфір 2 сьнежня)
2–3 сьнежня ў Менску праходзіць III Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, якая прыняла рашэньне заснаваць асацыяцыю грамадзкіх арганізацыяў, якая зможа ўзяць удзел у грамадзка-палітычных кампаніях будучага году.

Больш двухсот грамадзкіх арганізацыяў з усёй Беларусі прадстаўленыя на гэтай Асамблеі. Яны працуюць у розныя галінах гэтак званага "трэцяга сэктару" — праваабарончай, экалягічнай, краязнаўчай, жаночай ды іншых. Паводле словаў старшыні рабочае групы Асамблеі Алеся Бяляцкага, гэтыя арганізацыі выйшлі пераможцамі ў змаганьні за сваё існаваньне, перажылі перарэгістрацыю, розныя рэпрэсіі ды ўціск уладаў. На думку Алеся Бяляцкага, ціск уладаў паказвае, што яны баяцца незалежных няўрадавых арганізацыяў.

Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Аб'яднаньне адбываецца, сыходзячы з патрэбаў нашага жыцьця. Проста адчуваюцца моцны ціск і пагроза для існаваньня ўсяго трэцяга сэктару – гэта прымушае неяк аб'ядноўвацца, таму што разам лягчэй бараніцца, а ў пэрспэктыве разам лягчэй будзе і наступаць".

(Кар.: ) "Вы маеце на ўвазе прэзыдэнцкія выбары?"

(Бяляцкі: ) "Мы зьяўляемся часткай грамадзтва, і нам не абыякава, што будзе ў нас у наступным годзе. Нас будзе, безумоўна, турбаваць пытаньне справядлівасьці правядзеньня выбараў. Шматлікія няўрадавыя арганізацыі будуць удзельнічаць у працэсе назіраньня за выбарамі, ну, і пытаньне прыходу людзей на выбары. Таму што я лічу, што гэта задача няўрадавых арганізацыяў – зрабіць так, каб на выбары прыйшла моладзь".

— зазначыў у інтэрвію радыё Свабода кіраўнік правабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Асамблея няўрадавых арганізацыяў вырашыла заснаваць ды зарэгістраваць сваю Асацыяцыю. Акрамя статутных дакумэнтаў арганізатары прапанавалі й некалькі палітычных рэзалюцыяў "Аб падтрымцы Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў" ды "Аб грамадзянскай мабілізацыйнай кампаніі пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году". У апошняй робіцца заклік да няўрадавых арганізацыяў "узяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы й правядзеньні выбарчае прэзыдэнцкае кампаніі", абапіраючыся на досьвед Славаччыны, Харватыі ды Сэрбіі.

Не адмаўляюцца грамадзкія арганізацыі і ад удзелу ў вырашэньні агульнадэмакратычных праблемаў. У прыватнасьці, Асамблея няўрадавых арганізацыяў Гарадзеншчыны падтрымала ідэю вылучэньня на будучых выбарах адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў і прапанавала сваю кандыдатуру — кіраўніка Каардынацыйнага камітэту "Гарадзенская ініцыятыва" Сямёна Домаша.

Вось як бачыць Сямён Домаш удзел грамадзкіх арганізацыяў у найважнай палітычнай кампаніі наступнага году:

(Домаш: ) "Сёньня вакол грамадзкіх недзяржаўных арганізацыяў зьбіраюцца ўсые тыя людзі, якія неабыякавыя да лёсу Беларусі. Яны павінны адыграць у будучым годзе – асабліва, у часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі – вялікую ролю. Яны павінны ўдзельнічаць у выпрацоўцы не стратэгіі палітычных партыяў, а стратэгіі ўсёй нашай дэмакратычнай грамадзкасьці – для таго, каб мы маглі распрацаваць праграму, якая будзе адпавядаць думкам, меркаваньням большасьці нашага насельніцтва".

Гэта быў Сямён Домаш.

Менавіта з грамадзкіх арганізацыяў будуць вербавацца тысячы валантэраў (дабрахвотнікаў), якія будуць зьбіраць подпісы за кандыдатаў, удзельнічаць у працы выбарчых камісіяў ды назіраць за ходам выбараў.

Ёсьць у грамадзкіх арганізацыяў і іншая, ня менш важная роля. Гаворыць прадстаўнік жаночай арганізацыі "Касіяпея" Валянціна Сьвяцкая.

(Сьвяцкая: ) "Праца грамадзкіх аб'яднаньняў сканцэнтраваная на тым, што яны вядуць у асноўным асьветніцкую дзейнасьць. І напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, я лічу, трэці сэктар якраз тут і спрацуе вельмі добра…"

Гэта была Валянціна Сьвяцкая.

Блізу паўсотні прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў з Польшчы, Славакіі, ЗША, Францыі, Украіны, Чэхіі ды іншых краінаў прыехалі на гэтую Асамблею, каб падтрымаць беларускіх калегаў ды падзяліцца сваім пазытыўным досьведам. Гаворыць прастаўнік Усходне-Эўрапейскага дэмакратычнага цэнтру IDEA з Варшавы Павал Казанэцкі:

(Казанэцкі: ) "Я думаю, што беларускі трэці сэктар мае вялікія пэрспэктывы. І ў пэўным сэнсе польскі досьвед тут нават ня самы лепшы, бо ў нас усе перамены адбыліся дзякуючы перадусім дзейнасьці актывістаў прафсаюзаў. Але я думаю, што асноўны досьвед для Беларусі – гэта досьвед славакаў у кампаніі "ОК" два гады таму ды нядаўні досьвед Сэрбіі, дзе таксама грамадзкія арганізацыі адыгралі асноўную ролю ў пераменах у гэтых краінах".

Гэта быў польскі госьць Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Павал Казанэцкі. Статут, устаноўчая дамова Асацыяцыі грамадзкіх аб'яднаньняў "Асамблея" ды рэзалюцыі будуць ухваленыя 3 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG