Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У нядзелю ў Берасьцi прайшлi імпрэзы, прымеркаваныя да сьвяткаваньня юбiлейнага году Хрысьцiянства i з нагоды дзясятых угодкаў аднаўленьня грэка-каталiцкае царквы ў Беларусi.

Урачыстае набажэнства адбылося ў каплiцы берасьцейскае грэка-каталiцкае парафii сьвятых братоў-апосталаў Пятра i Андрэя i cупала са сьвяткаваньнем дня мясцовае парафii. Узначальваў лiтургiю апостальскi вiзытатар для грэка-каталiкоў Беларусi архiмандрыт Сяргей Гаек, якi дзеля гэтага адмыслова прыехаў з Ватыкану. Зьвярнуўшыся з урачыстым казаньнем да вернiкаў, архiмандрыт Гаек адзначыў важнасьць святкаваньня юбiлейнага году ва ўсiм сьвеце i выказаў спадзеў на яднаньне ўсiх хрысьцiянаў. Ён таксама падзякаваў усiм прысутным за тую ахвярную працу, якую яны робяць негледзячы на складанае cтановiшча ў сучаснай Беларусi i ўзрадваўся тым абставiнам, што колькасьць грэка-каталiцкiх абшчынаў у краiне з кожным годам павялiчваецца. Дарэчы, толькi ў Берасьцейскай вобласьцi зараз створана шэсьць унiяцкiх парафiяў i, як адзначыў айцец Iгар Кандрацьеў, зроблена было сапраўды шмат: так, у самiм абласным цэнтры пабудаваны храм, працуе хрысьцiянская школка для дзяцей i выдаецца адзiны ў Беларусi грэка-каталiцкi часопiс "Царква".

Пад час урачыстасьцяў удзельнiкi імпрэзы не абмiнулi i той факт, што падпiсаньне ў 1596 годзе царкоўнае Унii адбылося менавiта ў Берасьцi. Узгадвалася, што йснуе непарыўная сувязь памiж крыжовым шляхам, якi выпаў на долю унiяцкае царквы, i складаным гiстарычным лёсам беларускага народу. Таму аднаўленьне гэтае царквы, на думку вернiкаў, таксама наўпрост зьвязана з нацыянальным Адраджэньнем.

Невыпадковым грэка-каталiкi лiчаць i нэгатыўнае стаўленьне цяперашнiх ўладаў да сваёй канфэсii. Так, спробы некаторых жыхароў вёскi Таракань Драгiчынскага раёну пасьля некалькiх дзесяцiгодзьдзяў аднавiць у гэтым паселiшчы унiяцкую парафiю, вытокi якой зыходзяць зь сярэднявечча, сустрэлi адмоўную рэакцыю як ў прадстаўнiкоў выканаўчае "вэртыкалi", гэтак i з боку мясцовага прыходу Праваслаўнае царквы. Тым ня менш грэка-каталiкi ўпэўненыя, што зь цягам часу свая парафiя зьявiцца i ў гэтай вёсцы, i ў iншых населеных пунктах Беларусi.

Павiншаваць берасьцейскiх вернiкаў зь днём аднаўленьня парафii ў гэтым горадзе прыехалi грэка-каталiкi з розных рэгiёнаў краiны. Але найбольш адметнай падзеяй быў музычна-паэтычны праект "Псальмы", якi прапанавалi народны паэт Беларусi Рыгор Барадулiн i вядомы бард Алесь Камоцкi (яны зьяўляюцца прыхаджанамi грэка-каталiцкае парафii сьвятога Язэпа ў Менску).

Што да мясцовых уладаў, дык яны вырашылi не заўважаць падзею i нiхто з афiцыйных прадстаўнiкоў "вэртыкалi" ня браў удзел ва ўрачыстасьцях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG