Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Удзельнікі паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў абмяркоўвалі сытуацыю ў сродках масавай інфармацыі. У часе сходу неаднаразова гучала думка пра тое, што толькі тыя, у чыіх руках СМІ, маюць шанцы перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Асноўным дакладчыкам быў кіраўнік экспэртнае групы ў пытаньнях СМІ Кансультацыйнае рады прафэсар Міхал Пастухоў. Ён адзначыў: аналіз выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" паказаў, што ўлады практычна цалкам перакрылі доступ да дзяржаўных мас-мэдыяў непажаданым кандыдатам і наадварот, кандыдаты ад улады мелі самыя спрыяльныя для сябе ўмовы. Такім чынам, улады парушылі канстытуцыйныя нормы ды іншыя праўныя акты, якія гарантуюць грамадзянам Беларусі свабодны доступ да СМІ. І менавіта такія дзеяньні ўладаў у значнай ступені паўплывалі на непрызнаньне мінулых выбараў міжнароднай супольнасьцю.

Кіраўніка групы дапаўнялі экспэрты. Адзін зь іх — Вячаслаў Герасіменка — узьняў праблему перарэгістрацыі мэдыяў. У інтэрвію нашаму радыё ён адзначыў наступнае:

(Герасіменка: ) "На сёньняшнім паседжаньні яшчэ раз была прыцягнутая ўвага да асабліва цяжкага становішча, у якім апынуліся незалежныя СМІ. Нават калі ўлічыць, што дэкрэт №22 працягвае перарэгістрацыю на паўгады, тым ня менш, гэты час будзе вельмі складаным для незалежных СМІ. Будзе адымацца ўвага, час ад працы, якая неабходная перш-наперш дзеля інфармаваньня насельніцтва. А па-другое, над незалежнымі СМІ ўвесь час будзе вісець "дамоклавы меч": калі раптам яны дадуць нейкую крытычную публікацыю, улада гэта можа расцаніць, як нейкія парушэньні заканадаўства ці штосьці іншае".

Гэта быў экспэрт у сфэры мас-мэдыяў Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў Вячаслаў Герасіменка.

Экспэртная група прапанавала сёньня падрыхтаваць адмысловы мэмарандум да ўладаў Беларусі й міжнароднай супольнасьці, які будзе цалкам тычыцца толькі становішча СМІ ў Беларусі. Галоўная думка гэтага дакумэнту наступная: калі ўлады ня зьменяць стаўленьне да мэдыяў, іх можа чакаць непрызнаньне вынікаў і прэзыдэнцкіх выбараў.

Праект мэмарандуму будзе разглядацца на наступным паседжаньні рады, якое мяркуецца правесьці праз тыдзень. А кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік паведаміў, што ўжо дасягнутая дамова пра прыезд у Менск упанаўважанага АБСЭ ў пытаньнях мас-мэдыя спадара Дувэ, які хоча асабіста разабрацца ў сытуацыі. Высокі міжнародны чыноўнік плянуе наведаць Беларусь у студзені.

XS
SM
MD
LG