Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

У часе, калі Віктар Шэйман кіраваў апаратам Рады Бясьпекі, Беларусь стала адным з найбуйнешых прадаўцоў зброі, у тым ліку тым краінам Афрыкі, што ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах. Пасьля скандалу з набыцьцём беларускіх верталётаў ва Ўгандзе, пра які нашае радыё распавядала днямі, Беларусь трапіла ў скандал з вайскоўцамі Самалі.

Самалійская газэта "Каран" са спасылкаю на высокапастаўленых вайскоўцаў у сталіцы гэтае афрыканскае краіны Магадышу паведаміла, што два генэралы самалійскай арміі знаходзяцца цяпер у Беларусі. Генэралы Алі Ісмаіл ды Мугамад Абды Мугамад спрабуюць купіць зброю для новай арміі гэтае дзяржавы, сьцьвярджае газэта, якая, аднак, ня піша, калі яны паехалі ў Беларусь ды як доўга будуць выконваць тут сваю місію.

Нагадаю, што ў іншай афрыканскай краіне Ўгандзе працягваецца расьсьледаваньне куплі ў Беларусі за 6,5 мільёнаў даляраў двух вайсковых верталётаў, якія выявілася нябоегатовымі.

Сёньня я патэлефанаваў у дзяржаўны сакратарыят Рады Бясьпекі Беларусі, супрацоўнік якога традыцыйна адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але ўсё ж сказаў:

(Голас: ) "У нас такой інфармацыі няма. Без камэнтароў. Рада Бясьпекі не ўпаўнаважаная і не займаецца продажам зброі".

На маю просьбу ўдакладніць, ці быў дзяржаўны сакратарыят на чале зь Віктарам Шэйманам куратарам продажу зброі, супрацоўнік гэтае структуры адказаў гэтак:

"Цяпер у нас зьмена кіраўніцтва — вы ў курсе? Ды некалькі мяняецца прызначэньне дзяржаўнага сакратарыяту Рады Бясьпекі", — зазначыў супрацоўнік дзяржсакратарыяту Рады Бясьпекі.

Беларускае міністэрства абароны таксама адмовілася камэнтаваць гэтыя два афрыканскія скандалы. Вось што заявіў кіраўнік прэсавае службы Міністэрства абароны Леанід Прышчэпа:

"Гэта да Міністэрства абароны ніякага дачыненьня ня мае. Міністэрства абароны не прадае ды не купляе тэхніку і ўзбраеньне", — сказаў спадар Прышчэпа.

Дыпляматычнае ведамства вуснамі прэсавага сакратара Паўла Латушкі паабяцала яшчэ два тыдні таму даць камэнтар замест некантактных вайскоўцаў, і вось толькі сёньня спадар Латушка заявіў:

(Латушка: ) "У 98 годзе было прададзена 5 баявых верталётаў МІ-24 дзяржаве Ўганда. Гэтая трансакцыя была абсалютна легальнай – у адпаведнасьці зь дзеючымі міжнароднымі стандартамі, зь дзеючым заканадаўствам рэспублікі Беларусь у гэтай сфэры. Гэтыя дадзеныя абсалютна адкрытыя, і іх можна праверыць на падставе клясыфікатараў, якія маюцца таксама ў ААН".

(Сьвірко: ) "А як вы ставіцеся да таго, што ва Ўганьдзе распачалося расьсьледваньне?"

(Латушка: ) "Я ня буду камэнтаваць гэтага. Гэта ўнутраная справа гэтай дзяржавы".

(Сьвірко: ) "А пра Самалі нічога МЗС ня ведае?"

(Латушка: ) "Не, на жаль, я ня маю такой інфармацыі".

Паведаміў Павал Латушка, прэсавы сакртар МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG