Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Генэрал–маёр памежных войскаў Генадзь Нявыглас прызначаны кіраўніком службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка паставіў кропку ў працяглай гісторыі кадравых перастановак сярод сілавікоў. Сёньня была запоўненая апошняя з вакансіяў, што ўзьніклі пасьля таго, як мінулым панядзелкам Лукашэнка зьняў дзяржсакратара Віктара Шэймана, старшыню КГБ Ўладзімера Мацкевіча й генэральнага пракурора Алега Бажэлку, ды пераставіў кіраўніка сваёй службы бясьпекі на адно з вызваленых мейсцаў.

Новым кіраўніком службы бясьпекі кіраўніка дзяржавы стаў генэрал-маёр памежных войскаў Генадзь Нявыглас, які раней быў намесьнікам старшыні дзяржаўнага камітэту памежных войскаў. Генадзю Нявыгласу 46 гадоў, ён нарадзіўся на Берасьцейшчыне, беларус. У памежны камітэт Беларусі прыйшоў на пачатку 90-х гадоў, раней служыў ва Ўсходняй памежнай акрузе былога СССР у Казахстане.

Пакуль невядома, чаму Аляксандар Лукашэнка спыніў свой выбар менавіта на прадстаўніку памежных войскаў, хаця раней рэкрутаваў на гэтаю працу выключна асобаў са спэцслужбаў.

Нагадаем, папярэднік Нявыгласа Леанід Ерын быў прафэсійным чэкістам, а той, у сваю чаргу, замяніў стваральніка спэцатраду "Алмаз" Уладзімера Навумава. Асабістае знаёмства цяперашняга генэрал-маёра памежных войскаў Нявыгласа з былым лейтэнантам–памежнікам Лукашэнкам выключаецца. Як удалося высьветліць, да 1994 году іх кар'ерныя шляхі не перасякаліся — ва ўсялякім разе, у Берасьці, дзе Аляксандар Лукашэнка праходзіў тэрміновую службу на адной з заставаў, Генадзь Нявыглас ніколі не служыў. Такім чынам, ня выключана, што прызначэньне Нявыгласа тлумачыцца тым, што Лукашэнка ўжо не давярае чэкістам так, як давяраў раней.

Дарэчы, кіраўнік дзяржавы прызнаўся ў гэтым пад час сваёй сустрэчы з вышэйшымі афіцэрамі КГБ, якая адбылася ў мінулы чацьвер. І ўчора гледачы праграмы дзяржаўнае тэлевізіі "Рэзананс" маглі ў гэтым яшчэ раз пераканацца. "Рэзананс" прывёў тыя цытаты з прамовы Лукашэнкі, якія не ўвайшлі ў першы рэпартаж, і напрасткі тычацца працы КГБ. Лукашэнка дакараў кіраўнікоў КГБ, што не паведамлялі яму пра ўсе дзеяньні апазыцыі — у прыватнасьці, пра спробы Юрыя Захаранкі стварыць Саюз афіцэраў. "Магчыма, вы ведалі пра тое, што Захаранка стварае Саюз афіцэраў, але мне пра гэта ніхто не паведаміў", — скардзіўся кіраўнік краіны. Таксама ён нагадаў чэкістам пра былога намесьніка кіраўніка КГБ Мацюшку, які, аказваецца, папярэджваў Лукашэнку пра тое, што ў КГБ супраць яго нібыта рыхтуецца змова. Адзначым, што Лукашэнка пры гэтым не назваў ніводнага канкрэтнага факту, які б пацьвярджаў недабранадзейнасьць і неляяльнасьць чэкістаў да яго асабіста.

Дадам, што ў савецкі час памежныя войскі падпарадкоўваліся КГБ і таму любы, хто праходзіў у іх службу, у тым ліку лейтэнант Лукашэнка, трапляў у поле асаблівае ўвагі чэкістаў. У сёньняшняй Беларусі памежныя часткі Камітэту дзяржаўнае бясьпекі не падпарадкоўваюцца, у сыстэме сілавых ведамстваў існуе пэўная канкурэнцыя паміж гэтымі структурамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG