Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Ніна Кішчанка, удава мастака Аляксандра Кішчанкі, які атрымаў найбольшую вядомасьць дзякуючы "Габелену стагодзьдзя", сьцьвярджае: глябальнае палотнішча апынулася ў крытычным стане. Год за годам вядомы твор вымушаны пыліцца ў майстэрні.

Пэўны час мастацкія вартасьці "Габелену стагодзьдзя" абмяркоўваліся нароўні з палітычнымі падзеямі. Нават Аляксандар Лукашэнка, выява якога ў апошні момант трапіла на габелен, на цырымоніі прэзэнтацыі ў "МенскЭКСПО", так падсумаваў вартасьці твора: "Вось яно, сапраўднае мастацтва!". Што нельга было ігнараваць, дык гэта, бадай, памеры габелена — амаль 300 м2 адборнае воўны.

Пасьля 95-га году габелен прылюдна дэманстраваўся толькі двойчы: у 98-м напярэдадні 2000-годзьдзя Хрысьціянства, і сёлета пад час саміту кіраўнікоў СНД у Палацы Рэспублікі. Увесь астатні час палотнішча ў выглядзе скручанага дывана захоўваецца ў сямейнай майстэрні Кішчанкаў. Вось што сказала ў інтэрвію нашаму радыё сама спадарыня Кішчанка:

(Ніна Кішчанка: ) "Справа ня толькі ў стане. Крыўдна, што людзі ня бачаць гэтую працу. Гэта вельмі філязафічны твор, які адлюстраваў асноўныя падзеі ХХ ст. Нічога падобнага ў сьвеце няма. Само сабою, палотнішча вельмі вялікае і паўстае пытаньне, дзе яго можна разьмесьціць. У Менску яно месьціцца толькі ў ЭКСПА. Аляксандар Міхайлавіч марыў, што можна будзе пабудаваць адмысловы будынак, зь незвычайнай архітэктураю, гэткі цэнтар навукі, культуры й мастацтва. На жаль, ні ў каго няма адпаведнага зацікаўленьня…"

(Карэспандэнт: ) "Атрымліваецца, спадар Кішчанка стаў закладнікам перш за ўсё глябальных задумаў?"

(Ніна Кішчанка: ) "Гэта адзіны твор, што ён зрабіў не пад заказ. Мазаікі, сьценапісы, інтэр'еры былі сацыяльнымі заказамі, ён адразу быў прывязаны да канкрэтных памераў. Ідэя "Габелена стагодзьдзя" нарадзілася пад час вяртаньня з Амэрыкі, куды муж вазіў сваю працу "Чарнобыль" (яна, дарэчы, і зараз мае сталае месца ў Сацыяльнай залі ААН). Яго вельмі ўразіла архітэктура Нью-Ёрку. Пасьля ён сказаў: "такі твор мусіць быць прымацаваны да зорак"…"

Гэта была Ніна Кішчанка.

Бадай, функцыянэры пажаданьне мастака ўспрынялі занадта літаральна. На запыт жонкі даць магчымасьць хоць зрэдку выстаўляць працу, у Міністэрстве культуры адказалі, што ў лепшым выпадку могуць надаць палотнішчу статус "гісторыка-культурнае каштоўнасьці". Усё астатняе ім не пад сілу.

…Пяць год пайшло ў Аляксандра Кішчанкі на стварэньне эскізу "Габелена стагодзьдзя". Цягам двух гадоў адмысловая брыгада барысаўскіх ткачых працавала над ягоным рэальным увасабленьнем. Цягам апошняга часу габеленам ласуецца моль.

XS
SM
MD
LG