Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскія ўлады прыбралі крыж, які стаяў на месцы зруйнаванага гатычнага касьцёлу, вядомага пад назвай Фара Вітаўта. Крыж прастаяў усяго два дні. Дазволу на яго ўсталяваньне ўлады не давалі…

У сераду ўначы невядомымі быў пастаўлены ў сквэры на Савецкай плошчы вялікі драўляны крыж. На ім былі бел-чырвона-белыя пасы і шыльдачка зь беларускім тэкстам. У тэксьце паведамлялася, што славуты касьцёл быў зьнішчаны камуністычным рэжымам. Здарэньне адбылося дакладна 39 гадоў таму.

У першы дзень улады не адрэагавалі. Увечары каля крыжа сабраліся на малітву вернікі, і крыж быў асьвечаны ксяндзом. Аднак, у чацьвер увечары, калі ў сквэры было цёмна, крыж зьнік.

З афіцыйных асобаў мне ўдалося зьвярнуцца толькі да галоўнага архітэктара гораду Ўладзімера Анісімава. Але й ён даць камэнтар адмовіўся. І сказаў толькі, што ягоная справа – архітэктура, і пытаньне пра крыж яго не датычыла.

Затое адзін з архітэктараў патлумачыў мне наступнае: аб адбудове Фары Вітаўта ўпершыню загаварылі на пачатку 90-х гадоў. Але грошай тады на гэта не было. Заставалася верыць, што пры дэмакратычнай уладзе пытаньне будзе вырашана само сабой.

Аднак, часы зьмяніліся. Адзінае, што зараз існуе фінансавая магчымасьць. Ва ўсялякім разе былыя гарадзенцы-палякі гатовыя распачаць збор грошай на адбудову.

"А касьцёл – патрэбны, – патлумачыў мне архітэктар, – бо ён быў трэцяй дамінантай на пляцы, якой цяпер не хапае. І вось тут узьнік канфлікт інтарэсаў.

Сёньня першымі пра адбудову храма загаварылі каталікі-беларусы, якія моляцца ў Фарным касьцёле. Яны хацелі мець свой беларускі касьцёл. І менавіта беларускую парафію. Паколькі ўсе касьцёлы ў горадзе лічацца польскімі, і набажэнствы, за рэдкім выключэньні, адбываюцца толькі на польскай мове.

Аднак, палякі, даведаўшыся аб ініцыятыве, па-сутнасьці, вырашылі пераняць яе. Спалучыць інтарэсы пакуль не ўдалося. Беларусы вырашылі зрабіць першы крок і паставілі крыж на месцы касьцёла.

Улады недазволены крыж прыбралі.

XS
SM
MD
LG