Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ў Берасьці абіралі сябраў так званага "Савету рэспублікі" "Нацыянальнага сходу". Як і ў іншых рэгіёнах краіны выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. На восем месцаў вылучылі і зацьвердзілі восем чалавек.

Берасьцейская вобласьць адной з першых абвесьціла кандыдатуры тых, хто будзе прадстаўляць рэгіён у "Савеце рэспублікі". Але агульны сход дэпутатаў мясцовага ўзроўню, каб зацьвердзіць гэтае рашэньне, быў сабраны толькі першага сьнежня.

Паколькі вылучэньне ўсіх кандыдатураў адбывалася пры непасрэдным удзеле выканаўчай улады, у адмысловы сьпіс трапілі ляяльныя да вэртыкалі асобы. Такія як, напрыклад, старшыня абласнога Савету дэпутатаў Леанід Лемяшэўскі, кіраўнік Баранавіцкай філіі Белпрадбудбанку Марыя Залатухіна, старшыня Бярозаўскага спажывецкага таварыства Марыя Кузьмінчук, генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства "Дываны Брэста" Сяргей Федарук, кіраўнік сельгаспрадпрыемства Астрамечава Аляксей Скакун ды старшыня Пружанскага райсавету дэпутатаў Яўгенія Замковіч.

У "Савет рэспублікі" ад Берасьцейшчыны былі вылучаны і асобы, якія ўвогуле жывуць і працуюць па-за межымі вобласьці: кіраўнік Беларускай чыгункі Віктар Ахманько і рэктар Акадэміі Кіраваньня Пётр Брыгадзін.

Ніякіх нечаканасьцяў пад час сёньняшняга сходу дэпутатаў не было. Заслухаўшы прамовы кандыдатаў у сябры Савета Рэспублікі, а таксама даклад старшыні аблвыканкаму Васіля Даўгалёва, удзельнікі сходу зацьвердзілі прапанаваныя кандыдатуры.

Дарэчы, спадар Даўгалёў таксама трапіў у "Савет рэспублікі". Ягонае прозьвішча было названае А. Лукашэнкам, які, згодна з канстытуцыяй 96-га году, мае права асабіста вылучаць 8 асобаў у верхнюю палату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG