Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

(эфір 30 лістапада)
"Жыцьцё ці пагібель? Чаўнакоў выціскаюць за межы Беларусі" – пад такімі лёзунгамі Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў гораду Баранавічы з дазволу ўладаў правёў сёньня мітынг у гарадзкім парку.

Скарыстаць такую акцыю пратэсту прадпрымальнікаў прымусілі тыя ўмовы, у якіх даводзіцца ім сёньня працаваць. Цяжкасьці з мытнымі апэрацыямі, павялічэньне штрафаў, падаткаў, арэнднае платы – усе гэтыя праблемы зводзяць вынік працы дробных бізнэсмэнаў на нуль.

У прыватнасьці, старшыня Свабоднага прафсаюза прадпрымальнікаў Сяргей Андрушчанка, выступаючы перад прысутнымі, распавёў аб праведзеным аналітычным дасьледаваньні, у выніку якога высьветлілася, што сярэднестатыстычны прадпрымальнік ў кастрычніку бягучага года меў таварзварот у 778 тысяч рублёў. Калі ж ад гэтае лічбы адняць падаткі, арэндную плату, выдаткі на дарогу, то высьвятляецца, што рэальны даход складае 695 тысяч рублёў. І гэтых людзей сёньня ўлада, ды й грамадзтва, лічаць багатымі. Ёсьць, аднак, і такія, у каго таваразварот склаў толькі 250 тысячаў рублёў. І яны сёньня фактычна на мяжы банкруцтва.

Выступоўцы таксама наракалі і на няроўныя ўмовы для прадпрымальнікаў у Беларусі і ў Расеі, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Беларусі ўжо каторы год гаворыць пра адзіную эканамічную зону.

Ветэран Другой сусьветнай вайны Аляксандар Аляксандраў узьняў яшчэ адну важную для прадпрымальнікаў праблему. Ён распавёў прысутным, як яго прысудзілі да году ўмоўнага зьняволеньня толькі за тое, што ён незаконна набыў 28 даляраў. Як вядома, законна набыць замежную валюту ў банку і сёньня праблематычна.

Словы салідарнасьці прамовілі да прадпрымальнікаў старшыня баранавіцкай арганізацыі Беларускай жаночай лігі Кляўдыя Стараверава, старшыня мясцовае філіі БСДП(НГ) Уладзімер Зуеў.

Напрыканцы мітынгу прысутныя прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем зьмяніць стаўленьне да дробнага бізнэсу. Калі ж гэтага не адбудзецца, дык, па словах спадара Андрушчанкі, прадпрымальнікі, што гандлююць сёньня на кірмашах, вымушаныя будуць сабраць свае паласатыя торбы ды шукаць шчасьця за межамі Беларусі.

XS
SM
MD
LG