Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Бэрлінская газэта Die Welt надрукавала артыкул "Кабінэтныя перастаноўкі ў традыцыях таталітарных рэжымаў" з падзагалоўкам "Лукашэнка «чысьціць» свой апарат бясьпекі".

Манфрэд Квірынг, Масква

Беспрэцэдэнтнай ад часу ягонага прыходу да ўлады ў 1994 годзе акцыяй прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка «падчысьціў» свой апарат бясьпекі. Меркаваньні наконт прычынаў гэтай падзеі разыходзяцца. Ці менскі аўтакрат, выгнаўшы з пасадаў шэфа сакрэтнай службы Ўладзімера Мацкевіча, сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана і генэральнага пракурора Алега Бажэлкі, ахвяраваў галоўнымі адказнымі за зьнікненьне дзеячоў апазыцыі? Ці можа прызначыўшы адданых яму асобаў — кіраўнік прэзыдэнцкай службы бясьпекі Леанід Ерын прыняў на сябе кіраўніцтва КГБ, а міністар замежных справаў Урал Латыпаў стаў сакратаром Рады Бясьпекі — ён запусьціў у палітычны агарод менш вядомых казлоў?

Афіцыйна перастаноўкі, у выніку якіх зьнешнепалітычны дараднік Лукашэнкі Міхаіл Хвастоў стаў міністрам замежных справаў, зьвязваюцца зь няўдачамі ў расьсьледаваньні «гучных крымінальных справаў». Асабліва непрыемная для Лукашэнкі была справа Дзьмітрыя Завадзкага, апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ. Завадзкі прапаў бясь сьледу сёлета ў ліпені. У Расеі дагэтуль не суняўся неспакой з гэтай прычыны. Лукашэнка сам зацікавіўся хадою расьсьледаваньня і паабяцаў неўзабаве даць адпаведныя тлумачэньні. Гэтае абяцаньне дагэтуль ня выкананае.

Лукашэнка, які цяпер штораз болей страчвае аўтарытэт у краіне, які ён ужо даўно страціў за мяжою, мог бы скарыстацца гэтымі абставінамі, каб адасобіцца ад найбольш скампрамітаваных постацяў у сваім апараце бясьпекі. На думку некаторых менскіх назіральнікаў, гэта магло б дадаць яму пунктаў сярод апазыцыі і за мяжою.

Яшчэ адно ня менш верагоднае тлумачэньне: у нядаўна дасланым праз электронную пошту ў незалежныя беларускія газэты лісьце ананімны супрацоўнік КГБ нападае на Раду Бясьпекі. Афіцэр сакрэтнай службы абвінавачвае ў забойстве Завадзкага пяцёх службоўцаў службы аховы прэзыдэнта. Высьветлілася нават, нібыта цела забітага было закапанае пад Менскам, аднак не было эксгумаванае.

Паводле меркаваньня тыднёвіка «Московские Новости», Лукашэнка мог скарыстацца гэтым працёкам інфармацыі каб пазбавіцца ад неўпадабаных ім людзей. Рэч у тым, што адстаўленага шэфа КГБ Мацкевіча ніяк нельга было назваць цемрашалам. Нават у апазыцыйных колах лічылася, што ён — чалавек, які не баіцца казаць прэзыдэнту непрыемную праўду ў вочы. Некаторыя апанэнты рэжыму, як, прыкладам, журналіст Аляксандар Фядута, лічылі Мацкевіча, які нібыта меў добрыя кантакты з крамлёўскім кіраўніком Пуціным, апошняй перашкодай на Лукашэнкавым шляху да дыктатуры.

Канчатковая выснова: вызваліўшы ад пасадаў Мацкевіча, Бажэлку і Шэймана, Лукашэнка пазбавіўся ад двух нязручных яму асобаў і прыбраў зь лініі агню адданага яму Шэймана.

Пераклаў

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG