Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Учора Аляксандр Лукашэнка ў Менску заявіў, што Расея будзе для Беларусі своеасаблівым "Міжнародным валютным фондам". Гэта дало падставу старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёну Шарэцкаму нагадаць, што Расея увесь час была фондам падтрымкі лукашэнкаўскай улады.

Пуцін яшчэ летась, адразу пасьля прызначэньня прэм'ерам Расеі, падчас свайго першага візыту ў Менск, дараваў рэжыму 300 мільёнаў долараў доўгу. Таму тут няма нічога новага. Як няма нічога новага і ў дэкляраваных яшчэ ў часы Ельцына намерах аб `ядноўваць нацынальныя валюты дзвюх дзяржаў.Нават ва ўмовах, калі фінансавая сыстэма Беларусі фактычна падпарадкоўваецца ўжо расейскай, Пуцін, мабыць, кіруецца тым, што Лукашэнка ня ёсьць сёньня легітымным прэзідэнтам і таму падпісвае зь ім дакумэнты, якія нічога не вырашаюць.

Усходняя палітыка, якую Аляксандар Лукашэнка доўгія гады праводзіў з разьлікам атрымаць уладу ў Расеі, цяпер, па ацэнцы Сямёна Шарэцкага, прывяла самога Лукашэнку да поўнай залежнасьці ад Масквы. І гэта яшчэ раз ілюструюць апошнія прызначэньні стаўленьнікаў з Расеі на ключавыя пасады ў беларускай дзяржаве.

Камэнтуючы прызначэньне Віктара Шэймана пракурорам Рэспублікі Беларусь, Сямён Шарэцкі сказаў, што гэта ня першы выпадак, калі дзяржава прызначае на адказныя пасады неспэцыялістаў. Дастаткова ўзгадаць вядомыя "Мазырскую" і "Віцебскую" справы яшчэ савецкай эпохі, калі ў выніку некампэтэнтнасьці тагачаснага пракурора і міністра ўнутраных спраў рэспублікі, да вышэйшай меры пакараньня былі прыгавораныя невінаватыя людзі. Але ж тагачасныя пракурор і міністар, хаця і ня мелі належнага вопыту, усё ж былі прынамсі юрыстамі па адукацыі. Віктар жа Шэйман такой адукацыі ня мае.

Шарэцкі зьвяртае ўвагу на пагрозьлівае патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі да "сілавікоў" (абылося гэта, як вядома, пры прызначэньні Шэймана пракурорам Рэспублікі Беларусь) абавязкова знайсьці зьніклага апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага і для пачатку прапануе разабрацца, хто страляў яшчэ ў 1994 годзе ў тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Лукашэнку пад Лёзнам.

(Шарэцкі: ) "Спачатку тое патрэбна высьветліць, тады ўжо можна будзе спадзявацца, што, можа, знойдуць і Завадзскага. Хаця я сумняваюся, што яго будуць шукаць. Таму што трэба думаць, хто страляў там каля Лёзна. Там, наколькі я ведаю, быў той самы Шэйман. Дык, мабыць, трэба было спачатку гэта ўсё знайсьці. А калі яны гэтага не знайшлі, то ўзьнікае пытаньне, ці можа самі гэтыя людзі саўдзельнікі тых злачынстваў, аб якіх сёньня ідзе гаворка. Але таму навогул узьнікае пытаньне, хто кіруе Беларусьсю? Гэта ж тады банда злачынцаў."

Сказаў у інтэрвію радыё "Свабода" старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Сямён Шарэцкі.

XS
SM
MD
LG