Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

У часе ўрачыстага адкрыцьця новага будынку ўкраінскай амбасады ў Менску прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма паведаміў, што дзякуючы менскім перамовам з расейскім кіраўніцтвам ягоная краіна на 100% будзе забясьпечаная газам. Там жа, ва ўкраінскай амбасадзе, беларускі прэм'ер Уладзімер Ярмошын заявіў, што Беларусь, паводле ягоных словаў, "ня будзе прыліпаць" да Расеі, а амэрыканскі амбасадар у Менску Майкл Козак распавёў, што ўсё ж такі спадзяецца ўручыць Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы да канца году.

Пакуль прэм'ер-міністры Ўкраіны ды Беларусі чакалі ля новае ўкраінскае амбасады ў Менску прэзыдэнта Леаніда Кучму, я падышоў да іх і спытаў пра вынікі іхных учорашніх двухбаковых сустрэчаў з прадстаўнікамі Расеі.

Беларускі прэм'ер Уладзімер Ярмошын, распавядаючы пра паседжаньне найвышэйшае дзяржаўнае рады "саюзнае дзяржавы", сказаў:

(Ярмошын: ) "Ні пра якое прыліпаньне да Расеі або Расеі да нас няма пытаньня — уніфікацыя заканадаўчых, падатковых, мытных справаў. Я зусім не магу сказаць — у розных разьдзелах — ці то мы падцягнемся да Расеі, ці то Расея да нас. Гэта ўсё перамоўны працэс, лёгіка абмеркаваньня".

Зазначыў спадар Ярмошын.

На маю заўвагу, што Расея зусім нядаўна паменшыла стаўку падаходнага падатку зь фізычных асобаў да 13%, у той час як у Беларусі яна складае 30%, прэм'ер Ярмошын нечакана адказаў гэтак:

(Ярмошын: ) "Аў нас 11…плянуецца…на 9 з хвосьцікам…Вось гэта і ёсьць перамоўны працэс. Яшчэ не вядома, каму да чаго падцягвацца…"

Паведаміў пра пляны свайго ураду спадар Ярмошын.

Ягоны ж украінскі калега Віктар Юшчанка распавёў, што ўчора так і ня быў падпісаны мэмарандум пра ўрэгуляваньне ўкраінскіх запазычанасьцяў за расейскі газ, хаця і прэзыдэнты, і прэм'еры Расеі ды Ўкраіны вялі перамовы ў Менску да глыбокай ночы. Тым ня менш спадар Юшчанка зазначыў:

(Юшчанка: ) "Адрэгуляваныя сумы, пэрыяды, умовы, інструмэнты, статус кожнага рашэньня".

Гэта быў украінскі прэм'ер Віктар Юшчанка. Пасьля ягонага інтэрвію да амбасады Ўкраіны на рагу менскіх вуліцаў Камуністычнай ды Старавіленскай прыехаў прэзыдэнт Леанід Кучма. Ён быў прысутны пры ўрачыстым падняцьці дзяржаўнага сьцяга Ўкраіны ды перарэзаў сіня-жоўтую стужку на ўваходзе ў будынак. Журналістам спадар Кучма распавёў, што ягоная краіна будзе цалкам забясьпечаная расейскім газам на наступны год.

Фасад шматпавярховай украінскай амбасады выходзіць на даволі нізкія будынкі місіяў Расеі ды ЗША, але расейскага амбасадара на цырымоніі не было. Іншы сусед украінскіх дыпляматаў — амэрыканскі амбасадар Майкл Козак, які прыбыў у Менск 20 кастрычніка, але дагэтуль ня быў прыняты Аляксандарам Лукашэнкам, у інтэрвію радыё Свабода распавёў:

(Козак: ) "Што тычыцца даверчых лістоў, вы дастаўляеце іх у міністэрства замежных справаў — што я ўжо зрабіў. Гэта распачынае вашую місію ў краіне. Я ня ведаю, калі прэзыдэнт Лукашэнка вырашыць, што ён хоча правесьці цырымонію прыняцьця, але я гатовы да яе. Гэта залежыць ад яго. Але я тут, я дзейнічаю, і гэта ня ёсьць вялікім пытаньнем. Пытаньне ёсьць, калі вы рэпрэзэнтуеце іх міністэрству замежных справаў".

Сказаў амбасадар Козак.

Паводле ягоных словаў, даверчыя граматы яму абяцалі прыняць да канца лістапада. На маё пытаньне, ці ўручыць ён іх да канца сьнежня, амэрыканскі дыплямат адказаў парадаю спытаць іншы бок.

Кіраўнік місіі ЗША таксама адмовіўся камэнтаваць загад Лукашэнкі афіцэрам КДБ больш пільна сачыць за дыпляматамі ды ягонае выказваньне пра кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцьця ўкраінскай амбасады скончылася прамоваю прэзыдэнта Леаніда Кучмы, які заявіў: "Мы ў Беларусь прыйшлі надоўга. Мы такім цудоўным будынкам ня толькі ўпрыгожваем вашую сталіцу, мы засьведчаем павагу да беларускага народу". Таксама спадар Кучма прачытаў па-ўкраінску верш Янкі Купалы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG