Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Вышэйшым гаспадарчым судзе распачаўся разгляд справы менскае прыватнае друкарні "Мэджык". Канфлікт зьвязаны з намерам беларускіх уладаў канфіскаваць паліграфічнае абсталяваньне недзяржаўнае фірмы.

Як абвясьціў сёньня судзьдзя Валеры Шобік, справа тычыцца пратэсту супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску. 16 кастрычніка гэтая інспэкцыя апісала і арыштавала друкарскае абсталяваньне фірмы "Мэджык".

Між тым, "Мэджык" арандуе гэтае абсталяваньне ў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Інстытут "Адкрытае грамадзтва", зарэгістраванай у ЗША і заснаванай вядомым амэрыканскім філянтропам Джорджам Сорасам. Кіраўніцтва "Мэджыку" ў той жа дзень паінфармавала прадстаўнікоў Інстытуту "Адкрытае грамадзтва" пра намер беларускіх падатковых ворганаў зканфіскаваць ягоную маёмасьць.

Дабрачынная арганізацыя вырашыла зьвярнуцца ў беларускі суд, каб прадухіліць канфіскацыю ды вызваліць з-пад арышту сваю паліграфічную тэхніку. На сёньняшняе судовае паседжаньне прыехаў у Менск зь Нью-Ёрку адмысловы прадстаўнік Інстытуту "Адкрытае грамадзтва" Дзяніс Вінакураў. Камэнтуючы для нашага радыё сутнасьць патрабаваньняў інстытуту, спадар Вінакураў, у прыватнасьці, зазначыў:

"Мы падалі пазоў да падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну ў сувязі з вопісам паліграфічнага абсталяваньня, што было дадзена ў арэнду "Мэджыку". Наша пазыцыя простая — Інстытут "Адкрытае грамадзтва" ёсьць уласьнікам абсталяваньня. На нашую думку, спробы падатковай інспэкцыі канфіскаваць друкарскую тэхніку ў "Мэджыка" незаконныя і супярэчаць беларускім законам пра права ўласнасьці", — паведаміў Дзяніс Вінакураў.

Ён зазначыў таксама, што сытуацыя вакол "Мэджыку" вядомая і Джорджу Сорасу. У адмысловай заяве амэрыканскі філянтроп выказаў сваю занепакоенасьць становішчам у Беларусі замежных інвэстыцыяў, тым, што тут канфіскуюцца замежныя актывы. З гэтае прычыны, паводле словаў Сораса, замежныя інвэстары мусяць трымацца як мага далей ад Беларусі.

Між тым, прадстаўніца падатковай інспэкцыі Надзея Чашчына заявіла на судзе, што паліграфічнае абсталяваньне "Мэджыку" на самрэч належыць не Інстытуту "Адкрытае грамадзтва", а Беларускаму фонду Сораса, які мае падатковую запазычанасьць перад беларускай дзяржаваю.

Дзяніс Вінакураў выказваньне адказчыка пракамэнтаванаў наступным чынам:

"Юрыдычна гэтая пазыцыя няслушная. Беларускі фонд Сораса — арганізацыя, зарэгістраваная паводле беларускага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь. Інстытут жа "Адкрытае грамадзтва" зарэгістраваны ў Нью-Ёрку. Гэта дзьве абсалютна розныя юрыдычныя асобы", — зазначыў Вінакураў.

Працяг разгляду гэтае справы прызначаны на 5 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG