Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

У чым прычыны чарговых нападак Аляксандра Лукашэнкі на кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску, ажно да намёкаў на магчымасьць выдаленьня групы зь Беларусі?

Група АБСЭ на чале з амбасадарам Вікам заўсёды была адным з улюбёных аб'ектаў нападаў з боку кіраўніка Беларусі: перадапошнія сур'ёзныя абвінавачаньні прагучалі з вуснаў Лукашэнкі гэтым летам, у часе пасяджэньня так званага "шырокага дыялёгу". Але ў апошніх заявах кіраўніка Беларусі наконт групы АБСЭ, што прагучалі ў часе прадстаўленьня новага кіраўніка КГБ, прыцягвае ўвагу новы момант – празрысты намёк на тое, што група можа быць выдаленая зь Беларусі.

У сваім камэнтары, дадзеным нашаму радыё, амбасадар Вік наўпрост зьвязаў абвінавачаньні кіраўніка дзяржавы з вынікамі нядаўняй канфэрэнцыі міністраў замежных справаў АБСЭ, дзе з прычыны нязгоды афіцыйных дэлегацыяў Беларусі і Расеі не была прынятая выніковая дэклярацыя. Маскву не задаволіла крытыка расейскай палітыкі ў Чачні, Грузіі і Малдове, а таксама асуджэньне палітыкі афіцыйнага Менску, што ўтрымліваліся ў праэкце дэклярацыі.

Аналітык нашага радыё Пол Гоўбл таксама лічыць, што крытыкаю на адрас групы АБСЭ Лукашэнка дэманструе ляяльнасьць Расеі. Адносіны беларускага лідэра да АБСЭ і яе групы вагаюцца ў дакладнай адпаведнасьці са зьменамі расейскай палітыкі. Паводле зьвестак з дасьведчаных крыніцаў, у 1997 годзе Лукашэнка пагадзіўся прыняць у Беларусі кансультацыйна-наглядальную групу менавіта пад ціскам тагачаснага міністра замежных справаў Расеі Прымакова. Зараз адносіны Расеі з АБСЭ абвастраюцца, і ў Лукашэнкі знаходзіцца вялікі стос абвінавачваньняў на адрас прадстаўніцтва гэтай арганізацыі ў Беларусі.

Пол Гоўбл не выключае, што пагрозы беларускага лідэра ёсьць звыклая для яго "вайна нэрваў": кінуць Захаду выклік і паглядзець, якой будзе рэакцыя. Калі рэакцыя будзе дастаткова рэзкаю і востраю, кіраўнік Беларусі можа "забыць" пра свае пагрозьлівыя абяцаньні. Гэтым разам рэакцыя, дарэчы, зьявілася даволі хутка. Учора прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Баўчар заявіў:

(Баўчар: ) "Мы ўпэўненыя, што АБСЭ мусіць прысутнічаць у гэтым рэгіёне, і што народы рэгіёну, у прыватнасьці, беларускі народ, маюць патрэбу ў тым, каб супрацоўнічаць з АБСЭ і прытрымлівацца прынцыпаў гэтай арганізацыі".

Аналітык нашага радыё мяркуе, што абвінавачаньні Лукашэнкі на адрас групы АБСЭ могуць быць спробаю згуляць на абвастрэньні супярэчнасьцяў паміж Масквою і Захадам. Нападкі на прадстаўніцтва АБСЭ гучаць як своеасаблівы сыгнал гэтай арганізацыі: ня хочаце ўвогуле згубіць уплыў на Беларусь – саюзніка Расеі – зьніжайце свае патрабаваньні. Калі Лукашэнка сапраўды вядзе падобныя гульні, група АБСЭ хутчэй за ўсё працягне сваю працу ў Менску: пагроза мацней за выкананьне .

Канчатковы адказ на пытаньне пра лёс групы АБСЭ ў Беларусі залежыць ад таго, наколькі працяглым і сур'ёзным будзе абвастрэньне адносінаў Расеі і Захаду. Аналітык нашага радыё Пол Гоўбл не выключае, што і адмова расейскага міністра Іванова падпісаць выніковую дэклярацыю нарады міністраў замежных справаў АБСЭ, і абвінавачваньні Лукашэнкі на адрас прадстаўніцтва гэтай арганізацыі – часткі новай стратэгіі Масквы ў адносінах да АБСЭ, сутнасьць якой – ігнараваньне Расеяй меркаваньняў усясьветнай супольнасьці і самаізаляцыя Расеі.

"У гэтым выпадку, – лічыць Пол Гоўбл, – жорсткім заявам Лукашэнкі могуць наступнічаць такія ж жорсткія дзеяньні".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG