Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 2000 г.


Агляд газэты "Рабочы"

Бадай, галоўным матэрыялам нумара стала размова вакол "трубы". Як вядома, прэм ер-мініста Беларусі Ярмошын і начальнік расейскага "Газпрама" Вяхіраў падпісалі мэарандум і пратакол аб супрацоўніцтве. "Беларусь атрымае два з паловай газаправоды — так пракамэтаваў вынікі дамоваў Рэм Вяхіраў. Гэта значыць – "Газпрам", які хоча ўдвая павялічыць пастаўкі газу ў Заходнюю Еўропу, 70 кілямэтраў новай трасы пракладзе па тэрыторыі Беларусі. Нельга адкідваць стратэгічную выгаднасць для Беларусі такой дамовы. Але газэта "Рабочы" прапануе паглядзець на "трубу" з боку палітычных абставінаў.

Палітоляг Юры Шаўцоў кажа, што замежныя газавыя карпарацыі (і ўрады гэтых краінаў) хацелі б бачыць у якасьці прэзыдэнта Беларусі іншую палітычную фігуру, чым Лукашэнка, больш блізкую да іх. Але ніякіях рэзкіх, тым больш гвалтоўных, пераменаў на Беларусі Захад не жадае.

Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар "Хартыі 97", лічыць, што "труба" – гэта ўсё ж такі фактар перамен у беларускай палітыцы, тым больш, што палітычная сыстэма Беларусі церпіць крах. "Я лічу, — кажа Саньнікаў, — што да моманту заканчэньня будаўніцтва "трубы" ў краіне будзе ўжо іншы прэзыдэнт".

Рэдактар "Рабочага" Віктар Івашкевіч нечакана аб'ядноўвае ўсе падзеі апошніх дзён, якія адбыліся ў Беларусі, і даказвае іх невыпадковасьць. Івашкевіч кажа: "Мы бачым паўзучы пераварот і маем сведчанне таго, што Лукашэнка больш несамастойны палітык. Расея, відаць, больш не хоча трымаць нэйтралітэт у часе нашых прэзыдэнцкіх выбараў і будзе актыўна падтрымліваць "свайго" кандыдата. Але галоўнае: сваю пазыцыю Масква зараз узгадняе з Эўропай. Таму новы беларускі прэзыдэнт будзе шукацца ў тым ліку і сярод людзей з сучаснымі эканамічнымі поглядамі".

Зь іншых матэрыялаў газэты варта вылучыць працяг вялікай размовы пра месца й ролю прафсаюзаў, якую вядзе "Рабочы". У гэтым нумары госць – старшыня Менскага прафсаюзу работнікаў культуры Уладзімір Мамонька. На трэцяй старонцы – развагі пра тое, што за апошні год беларускія прадпрымальнікі арганізаваліся і вядуць няспынную барацьбу з уладамі.

Яшчэ год таму немагчыма было ўявіць, што могуць ня выйсці на працу 6 тысячаў прадаўцоў сталічнага рынку "Ждановічы". Але ня толькі яны правялі 23 лістапада папераджальны страйк. Усяго ў краіне ня выйшла на працу звыш 150 тысячаў прадпрымальнікаў. Рынкі не працавалі больш чым у 30 гарадах Беларусі. Калі патрабаваньні прадпрымальнікаў да ўладаў стварыць нармальныя ўмовы працы ня будуць задаволеныя, ад 1 студзеня 2001 года рынкавыя гандляры ўвогуле спыняюць сваю дзейнасць. Гэта значыць – пералічэньне падатковых і арэндных грошай у кішэню дзяржавы прыпыніцца.

Рабочыя Барысаўскага крышталевага заводу таксама страйкуюць: дабіваюцца своечасовай выплаты зарплаты, аднаўленьня скасаваных даплат за шкодныя ўмовы працы.

Старонка газэты, якая завецца "Мой дом", прапануе матэрыялы да Сусьветнага дня прафіляктыкі СНІД, які будзе адзначацца грамадзкасьцю 1 сьнежня.

Вельмі цікавай атрымалася традыцыйная тэматычная старонка "Цэх каханьня", дзе са сваімі парадамі выступае лектар-сэксапатоляг Менскага гарадзкога сэксалягічнага цэнтру Алег Хімко.

Завяршае чарговы нумар газэты "Рабочы" "Беларускі каляндар". Журналіст Павал Абрамовіч піша пра нашага земляка — генэрал-лейтэнанта кароннай артылерыі, вынаходніка Казіміра Семяновіча, папярэдніка Цыялкоўскага, ідэі якога наконт ракет былі слушнымі яшчэ 350 гадоў таму.

XS
SM
MD
LG