Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Беларускія жанчыны, занятыя ў сфэры сэкс-індустрыі, умацавалі свае пазыцыі ў краінах Заходняй Эўропы. Статыстыка сьцьвярджае, што бальшыня зь іх знаходзіцца ў Бэльгіі, Нідэрляндах ды Люксэмбургу. Сярод іх ёсьць вялікая колькасьць маладых дзяўчатаў, якія трапілі ў замежжа шляхам падману. Яны сталі ахвярамі "чорнага бізнэсу" — гандлю людзьмі.

У замежныя бардэлі беларускія кабеты трапляюць з розных прычынаў. Ёсьць пэўная колькасьць жанчынаў, якія сьвядома абралі гэты бізнэс, але амаль палова маладзіцаў шукалі сабе іншую працу ў замежжы, а на самрэч трапілі ў рукі гандляроў людзьмі. Пра тое, як гэта адбываецца часьцей за ўсё, распавяла радыё Свабода адна з гэтых ахвяраў, Эва:

(Эва: ) "Было мне 19 гадоў, і аднойчы, выпадкова, у газэце я знайшла аб'яву. Там было напісана: "Праца для дзяўчыны ў Галяндыі". Я патэлефанавала па тым нумары, са мной размаўляў мужчына, абяцаў добрую працу ў Галяндыі і добры заробак. Вельмі прыгожа апісаў мне тую працу, якая гэта будзе сям'я. Абяцаў, што буду даглядаць дзіця, гатаваць ежу і прыбіраць у пакоях. Калі я прыехала ў Галяндыю, высьветлілася, што будзе другая праца. Мне паведамілі, што тая сям'я, якая шукала дзяўчыну, ужо знайшла. І я павінная была пачакаць, пакуль мне знайдуць наступную сям'ю. Але мне сказалі, што проста так мяне ня будуць карміць. За гэта трэба плаціць. І прапанавалі яшчэ адзін варыянт – працу ў начным клюбе…"

(Карэспандэнт: ) "Эва далей распавяла сваю гісторыю…"

(Эва: ) "Я баялася, я была адна ў чужой краіне. Мужчына – гэта быў турак - пасадзіў мяне ў машыну і павёз. Там жыла два дні, і ня ведала, што са мной будзе далей. Турак быў вельмі сталага ўзросту, паведаміў мне, што завязе мяне ў начны клюб. І выканаў сваё абяцаньне. Гэты клюб аказаўся звычайным бардэлем. Было вельмі страшна… Жанчына – галоўная ў тым бардэлі – паведаміла мне, што я буду рабіць. Паказала мне ўсе пакоі. Жанчына патлумачыла, што трэба прыбрацца так, каб цікавіліся мужчыны. Мне далі такі сарафан з дэкальтэ, усё было адкрыта. Мяне тады заўважылі два хлопцы і сказалі, што я тут раблю. Калі я расказала ім гісторыю, яны прапанавалі мне ўцякаць. Для мяне гэта было адзінае выйсьце".

Гэтыя хлопцы выкралі пашпарт дзяўчыны й завезьлі яе ў Польшчу. Дзяўчына паведаміла, што шмат нашых кабетаў трапляюць у такое становішча, але мала каму зь іх удаецца зьбегчы ад сваіх вартаўнікоў. Многія жанчыны спадзяюцца на паліцэйскія аблавы. Тады ёсьць шанец трапіць у паліцэйскі дэпартамэнт за нелегальную працу й парушэньне візавага рэжыму, за што эміграцыйныя службы дэпартуюць іх на радзіму.

Паліцэйскія абураюцца, што беларускія амбасады ў такіх выпадках амаль ніколі не дапамагаюць сваім суайчыньніцам. На радзіме дэпартаваныя жанчыны намагаюцца як мага хутчэй зьмяніць мейсца жыхарства. Нашая знаёмая Эва патлумачыла чаму:

(Эва: ) "Увесь той час тыя людзі званілі мне дадому – да маці, да бацькі. Яны гаварылі, што я павінная аддаць ім вялізную суму – 4 тысячы даляраў. Яны пагражалі маім бацькам, што са мной расправяцца, што ў мяне будуць праблемы".

Кабеты хаваюцца ад гандляроў людзьмі, бо гэтыя крымінальнікі здольныя на ўсё, каб зьвесткі пра іх ня трапілі ў праваахоўныя ворганы. Жанчыны паведамілі нашаму радыё, што ведаюць выпадкі, калі тыя, хто зьвярнуўся ў пракуратуру па дапамогу, пасьля гэтага зьніклі. Натуральна, астатнія баяцца, таму што беларускае заканадаўства не прадугледжвае практыкі абароны сьведкі, як, напрыклад, амэрыканскае. А праваахоўныя ворганы Беларусі не імкнуцца самі распачынаць такія справы, бо скіраваныя на барацьбу з сутэнэрамі ў межах сваёй краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG