Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Абвешчаная ўчора Аляксандрам Лукашэнкам рэформа Рады Бясьпекі ўжо пачала ажыцьцяўляцца. Супрацоўнікі кажуць, што ўжо існуе новая структура Рады Бясьпекі, паводле якой Рада губляе функцыю каардынатара сілавых ведамстваў. Між тым, незалежныя назіральнікі не выключаюць, што ў Беларусі хутка зьявіцца новы ворган кантролю за спэцслужбамі й сілавымі міністэрствамі.

Толькі ўчора Аляксандар Лукашэнка паведаміў пра свае пляны рэфармаваньня дзяржаўнага сакратарыяту Рады Бясьпекі шляхам пазбаўленьня сілавое функцыі і ператварэньня Рады ў "выключна аналітычны мазгавы цэнтар". Але, аказваецца, гэтае рэфармаваньне ўжо пэўны час ідзе. У дзяржаўным сакратарыяце Рады Бясьпекі ўжо ведаюць пра новую структуру апарата й пра тыя аддзелы, якія будуць скарочаныя.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавае службы Рады Бясьпекі Сяргей Верашчак заявіў радыё Свабода, што ў гэтага воргана ніколі не было сваіх сілавых структураў:

(Верашчак: ) "У нас быў аддзел барацьбы з карупцыяй у дзяржаўных ворганах, але ён быў каардынуючым. Нельга сказаць што супрацоўнікі вялі сьледзтва ці дазнаньне, яны ўваходзілі ў розныя камісіі ў справе вырашэньня розных праблемаў, і вось гэтага аддзелу ў новай структуры ўжо ня будзе".

Паводле зьвестак Верашчака, будзе зьліквідаваны таксама аддзел, які займаўся сувязямі з пракуратураю. Скарачэньне ахопіць нязначную частку апарата, але якасна гэта будзе азначаць, што "замест ролі каардынатара сілавых ведамстваў" Рада Бясьпекі сапраўды стане "калегіяльна-кансультацыйным ворганам".

Сяргей Верашчак спаслаўся на прыклад суседніх краінаў, дзе рада бясьпекі выконвае аналітычныя функцыі, а кантроль за сілавымі ведамствамі захаваны за кіраўніком дзяржавы.

Між тым незалежныя назіральнікі ставяць пытаньне йнакш — ці сьведчыць раптоўная рэформа Рады Бясьпекі пра йснаваньне пэўнае змовы супраць Лукашэнкі сярод сілавікоў? Былы контравыведнік, цяпер супрацоўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту Сяргей Аніська гэтага не выключае:

(Аніська: ) "Змоваю гэта цяжка назваць, але Лукашэнка атрымаў інфармацыю, што ў сыстэме КГБ настроі супрацоўнікаў зусім не на ягоную карысьць, ён нават пра гэта сам прагаварыўся, калі сказаў, што "многія чыноўнікі глядзяць з-за вугла, і ў вас такія ёсьць"… Пэўна, вядома яму й пра тое, што многія сілавікі кантактуюць са сваімі калегамі, якія сышлі ў апазыцыю".

Былы контравыведнік лічыць, што Лукашэнка пачаў баяцца аб'яднаньня сілавікоў, і таму паздымаў іх з пасадаў, а адзіны ворган, які мог каардынаваць сілавыя ведамствы, пазбавіў гэтае функцыі. Але, на думку назіральніка, гэта не азначае, што ён упусціць кантроль над сілавымі ведамствамі. Сяргей Аніська кажа, што паводле ягоных дадзеных, прыкладна ў студзені–лютым наступнага году зьявіцца нейкі новы ворган кантролю за сілавікамі.

(Аніська: ) "У дзяржаве зьявіцца яшчэ адно надкантрольнае ведамства. Як яно будзе называцца, калі яно зьявіцца, - я так думаю, што цягам студзеня-лютага".

Пакуль рэформа й скарачэньне Рады Бясьпекі яшчэ не завершаныя, яе пачалі тэрмінова даўкамплектоўваць. Сёньняшнім указам Аляксандар Лукашэнка прызначыў на пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі Леаніда Мальцава.

Нагадаю, генэрал Мальцаў чатыры гады таму ўзначальваў Міністэрства абароны Беларусі, але быў звольнены Лукашэнкам з фармулёўкаю "за п'янства". Да сёньняшняга дня Мальцаў працаваў ў Маскве.

XS
SM
MD
LG