Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лістапада 2000 г.


Алесь Сердзюкоў, Магілеў

Магілеўская абласная падатковая інспэкцыя запатрабавала ад недзяржаўнае газэты "Дэ-факта" выплаціць штраф у памеры больш як 2 міліёны рублёў і замарозіла рахункі выданьня. Газэта апынулася на мяжы закрыцьця.

Прадстаўнікі падатковае інспэкцыі спадары Курдзін і Семчанка абвінавацілі кіраўнікоў выданьня ў парушэньні падатковага заканадаўства і ў неабгрунтаваных выдатках на выпуск "Дэ-факта".
Адразу ж пасьля праверкі ад іх запатрабавалі сплаціць 2 міліёны 200 тсячаў беларускіх рублёў. У сваю чаргу, рэдакцыйная рада газэты заявіла пра парушэньне адпаведных законаў з боку абласной падатковай інспэкцыі. Паводле заканадаўства, пасьля складаньня акту, на працягу пяці дзён, рэдакцыя мае права падрыхтаваць пярэчаньні. Аднак інспэкцыя сканфіскавала падатковыя дакумэнты і заявіла, што верне іх праз пяць дзён, гэтым самым пазбавіўшы рэдакцыю права пярэчаньня.

Адзін з заснавальнікаў газэты, кіраўнік таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Белінфармбюро", адзначыў, што сёлета гэта ўжо пятая праверка. Адметна, што Камітэт дзяржаўнага кантролю па Магілеўскай вобласьці, распачаў праверку адразу пасьля таго, як газэта надрукавала артыкул "Камітэт ня плоціць па рахунках". Аднак папярэднія праверкі ня выявілі парушэньняў.

Вось, як пракаментавала сытуацыю старшыня рэдакцыйнае рады Марына Ірхо. Цытую: "Такія дзеяньні падатковае інспэкцыі вельмі падобныя на тое, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, улады спрабуюць зьнішчыць большасьць мясцовых аўтарытэтных недзяржаўных выданьняў".

Сапраўды, паводле дасьледаваньняў Irex Promedia, 8 адсоткаў жыхароў вобласьці чытаюць "Дэ-факта". На інфармацыйнай прасторы Магілеўшчыны газэта зьявілася ў 1995 годзе і з таго часу змагла павялічыць наклад амаль да 8 тысячаў асобнікаў.

XS
SM
MD
LG