Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лістапада 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Заводзкі суд Менску завяршыў разгляд спрэчкі актывіста Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Зьмітра Пліса з адміністрацыяй МАЗу. Замест таго, каб абараніць грамадзянскія правы прадстаўніка дэмакратычных прафсаюзаў, суд пакараў яго.

Судзьдзя Ірына Мардовіч абвясьціла ў сваім рашэньні, што абвінавачаньні Зьмітра Пліса да адміністрацыі Менскага аўтазаводу безпадстаўныя. МАЗ нібыта ня мае ніякага дачыненьня да ягонага цяперашняга беспрацоўя, а сьцьвярджэньні Пліса, што ён нібыта стаўся ахвяраю незаконнага перасьледу адміністрацыяй аўтазаводу за прыналежнасьць да дэмакратычнага прафсаюзу, непраўдзівыя. Такое рашэньне выклікала ў актывіста Свабоднага прафсаюзу недаўменьне:

"Рашэньне, якое вынесла судзьдзя, я лічу несправядлівым. Я зьвяртаўся ў суд па дапамогу, каб прызнаць відавочнае парушэньне маіх грамадзянскіх правоў адміністрацыяй МАЗу. Менавіта з прычыны гвалтоўных дзеяньняў кіраўніцтва аўтазаводу я, па-сутнасьці, апынуўся на вуліцы. Шмат месяцаў ня меў магчымасьці ўладкавацца на працу. Шматлікія звароты ў пракуратуру, міліцыю ды іншыя дзяржаўныя ўстановы былі безвыніковымі. І вось сёньня да гэтага дадалося й рашэньне суда. Складваецца ўражаньне, што паміж усімі гэтымі ўстановамі існуе шчыльная ўзаемная сувязь. Такое ўражаньне, што іхнымі дзеяньнямі кіруе нейкая адна асоба", — зазначыў Зьміцер Пліс.

Апроч таго, што Заводзкі суд адхіліў патрабаваньні актывіста Свабоднага прафсаюзу, судзьдзя Мардовіч абвесьціла, што ён мусіць заплаціць за свой пазоў дзяржаўную пошліну памерам 29 тысячаў рублёў. Гэтае пакараньне, на думку прадстаўніка дэмакратычнага прафсаюзу, зроблена для таго, каб ён ня змог абскардзіць сёньняшняе рашэньне ды й наогул забыў дарогу ў суд.

Сябра Праваабарончага цэнтру "Вясна" Барыс Гюнтэр, які прысутнічаў пад час разгляду справы Пліса, лічыць, што судзьдзя Мардовіч кіравалася палітычнымі матывамі:

(Гюнтэр: ) "Бачна было на працэсе, што справа набывала палітычны характар. Хаця прадстаўнікі МАЗа казалі, што мы не баімся Вольнага прафсаюза, было бачна, што на самой справе з боку вольных прафсаюзаў ёсьць небясьпека. І таму было відаць, што судзьдзя зьбіралася спыніць пазоў і спыніць справу, інакш кажучы, пакараць Пліса,"

— зазначыў Барыс Гюнтэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG