Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лістапада 2000 г.


Сродкі масавай інфармацыі найбліжэйшых суседзяў Беларусі адгукнуліся на ўчорашнія перастаноўкі ў беларускіх сілавых структурах. Падаем агляд публікацыяў на гэтую тэму ў сёньняшніх польскіх, літоўскіх і швэдзкіх газэтах.

Апошнія падзеі ў Менску найбольш непакояць непасрэдных суседзяў Беларусі. Сёньняшнія польскія газэты выйшлі з красамоўнымі загалоўкамі: «Чыстка ў Менску» (Gazeta WYborcza), «Лукашэнка траціць цярплівасьць» (Rzeczpospolita).

«... Ня выключана, што адстаўкі былі выкліканы тым, што Лукашэнка страціў цярплівасьць, «бо расьследаваньне шмат якіх важных справаў без прычыны зацягваецца», - піша Пётар Касьціньскі ў газэце Rzeczpospolita. - Неафіцыйна прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі кажуць, што гаворка йдзе пра недастатковую эфэктыўнасьць сьледчых дзеяньняў у справах аб зьнікненьнях».

Сваімі думкамі з газэтай Rzeczpospolita дзеліцца незалежны палітоляг Уладзімер Падгол. Сярод іншага ён сказаў: «Свае пляны на Беларусь мае Масква, мае Эўропа, мае ўрэшце сам Лукашэнка. Наша апазыцыя занадта слабая, каб зь ёй можна было лічыцца. Існуе шанец, што Масква дамовіцца з Эўропай у справе падтрымкі зьменаў на пасадзе прэзыдэнта і, магчыма, якраз у гэтым і палягае прычына цяперашняга замяшаньня. Калі б гэты плян спраўдзіўся, - працягвае Ўладзімер Падгол, - паўсюдна пашыраныя ў Беларусі расейскія мас-мэдыя стварылі б вобраз новага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы, а Лукашэнка пасьля атрыманьня гарантыяў бясьпекі мог бы пераехаць у Маскву на якую-небудзь важную пасаду ў Саюзе Беларусі й расеі. Мы ня ведаем магчымае рэакцыі Лукашэнкі, аднак згадзіўся б ён з гэтым плянам ці не — яму будуць патрэбныя эфэктыўныя службы бясьпекі».

Свой камэнтар апошнім падзеям дае газэце Rzeczpospolita і журналіст ОРТ Павел Шарамет. «У сераду ў Менск мае прыехаць прэзыдэнт Пуцін. Лукашэнка хоча спадабацца Крамлю, бо баіцца, што яго ўжо там успрымаюць ня надта добра. Таму хутчэй за ўсё ён і вырашыў звольніць сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў. Людзі, якія занялі ў панядзелак пасады кіраўнікоў генэральнай пракуратуры, Рады Бясьпекі і КГБ блізкія да Масквы». Павел Шарамет таксама не выключае сувязі звальненьняў са справай зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.

Зацікавілі апошнія беларускія падзеі і друк Швэцыі. Уплывовая газэта Dagens Nyheter зьмясьціла сёньня артыкул свайго карэспандэнта Мікаэля Вінярскага «Лукашэнка звальняе паплечнікаў». Газэта апісвае падзеі апошняга месяца, якія ўпісваюцца ў агульны кантэкст са звальненьнямі — ліст ананімнага супрацоўніка КГБ з дэталямі справы аб знікненьнях і паказаны тэлеканалам ОРТ дакумэнтальны фільм Паўла Шарамета «Дзікае паляваньне». Павел Шарамет таксама падзяліўся з газэтай сваімі развагам над прычынай звальненьняў сілавікоў. Сярод іншага ён зазначае, што новы шэф КГБ Леанід Ерын — расеец, якога неафіцыйна называюць «прадстаўніком ФСБ у беларускім КГБ». Такім чынам, піша швэдзкая Dagens Nyheter, у Беларусі адбываецца «ўнутраны пераварот», калі ўсеключавыя пасады забіраюцца ў беларусаў і перадаюцца ў рукі «адкрытых прадстаўнікоў Расеі ў Лукашэнкавым асяродзьдзі»

«У Лукашэнкавым асяродзьдзі — дзень ачышчэньня». Так названы артыкул найбуйнейшай літоўскай газэты Lietuvos rytas. Газэта піша: «Аляксандар Лукашэнка раніцай у панядзелак зьдзівіў краіну. Менавіта так успрымаецца ягонае рашэньне правесьці чыстку ў найбліжэйшым атачэньні. Хоць некаторых пераменаў у найвышэйшым беларускім кіраўніцтве чакалі ўжо даўно, аднак ніхто не спадзяваўся, што кадравая чыстка будзе такая рэзкая і грунтоўная».

Найважнейшаю, працягвае Lietuvos rytas, лічыцца адстаўка сакратара Рады Бясьпекі генэрала Шэймана, які быў побач з Лукашэнкам ад самага пачатку ягонай палітычнай кар'еры і ня меў сабе роўных што да ўплыву на прэзыдэнта. Газэта згадвае пагалоскі, што менавіта Расея рашуча рэкамэндавала Лукашэнку пазбавіцца ад гэтага чалавека і што сам Пуцін спрабуе ўмацаваць у Беларусі сваё лобі і расставіць у Менску сваіх людзей.

Падсумоўваючы, літоўская газэта Lietuvos rytas робіць выснову: апошнія падзеі ў Беларусі сьведчаць, што Аляксандар Лукашэнка сур'ёзна распачаў прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Менавіта з гэтай прычыны спатрэбілася як сьлед «зачысьціць» сваё блізкае атачэньне, ахвяраваўшы дзеля гэтага нават блізкімі і адданымі людзьмі.

Пераклаў
Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG