Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 лістапада 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

1 сьнежня ў беларускай сталіцы на саміт зьбяруцца прэзыдэнты краінаў СНД. Нейкага прарыву ў стасунках паміж краінамі Садружнасьці не чакаецца.

30 лістапада ў штаб-кватэры СНД зьбяруцца міністры замежных справаў, а потым кіраўнікі ўрадаў краінаў СНД. Cаміт кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасці адбудзецца 1 сьнежня ў менскім Палацы Рэспублікі, і прынясе жыхарам сталіцы шмат нязручнасьцяў, бо будуць прымацца беспрэцэндэнтныя захады ў справе бясьпекі.

Дарэчы, гэты саміт будзе адметны завяршэньнем фармаваньня Антытэрарыстычнага цэнтру ў рамках СНД. Штаб гэтага цэнтру будзе складаць 60 супрацоўнікаў. Кіраўнікі дзяржаваў СНД мусяць прызначыць яго кіраўніцтва ды бюджэт.

Наконт бюджэту пакуль што няма пэўнасьці — хто й колькі мусіць плаціць. Спачатку меркавалася, што ўнёскі дзяржаваў будуць роўнымі, потым — што большыя краіны мусяць плаціць больш. Але Ўкраіне, якая ня так, як Расея ды Таджыкістан, пакутуе ад тэрарызму, гэта можа не спадабацца. Таму пэўнасьці, што такі цэнтар будзе канчаткова створаны, няма.

Дарэчы, бюджэт усіх структураў СНД не такі ўжо й вялікі. Як паведаміў першы намесьнік выканаўчага сакратара СНД Дзьмітры Булахаў, кансалідаваны гадавы бюджэт структураў СНД складае цяпер 5 мільёнаў даляраў ЗША. Ён паведаміў таксама, што ў выніку двухгадовых рэфармаваньняў удалося скараціць апарат Выканаўчага камітэту СНД на 46 чалавек.

Саміт адметны вельмі маштабным скасаваньнем дамоваў і пагадненьняў, якія ня дзейнічаюць. Гаворыць першы намесьнік старшыні Выканкаму СНД Дзьмітры Булахаў:

"Будзе, хутчэй за ўсё, прымацца рашэньне пра інвэнтарызацыю дамоўна-праўнае базы Садружнасьці, дзе каля трэці ўсяго праўнага масіву СНД будзе прызнана несапраўдным, бо шмат якія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, іншыя выкананыя, а некаторыя ніколі не выконваліся", — зазначыў Дзьмітры Булахаў.

Замест скасаваных дамоваў падпішуць новыя — у парадку дня саміту дзясяткі пытаньняў. Хаця няма ніякіх гарантыяў, што новыя пагадненьні будуць выконвацца. Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма заявіў днямі, што ў СНД няма будучыні. Відавочна, што ён прыедзе на саміт без асаблівых спадзеваў на прагрэс. Аднак у Леаніда Кучмы будзе ў Менску адна ня менш важная справа, чым саміт. Ён урачыста адчыніць новы будынак украінскай амбасады. Гэта першы будынак амбасады, які "з нуля" пабудавала ў Беларусі замежная дзяржава. Для Ўкраіны гэта таксама першы будынак амбасады, які яна будавала паводле адмысловага праекту.

Як паведаміў Дзьмітры Булахаў, затраты на правядзеньне саміту першапачаткова нясе беларускі бюджэт, потым СНД іх аплоціць, але толькі ў памеры да 44 тысячаў даляраў. Відавочна, што гэтага замала, каб правесьці такую маштабную сустрэчу. Аднак беларускія чыноўнікі гавораць, што трэба ўлічваць і прэстыж такога форуму…

XS
SM
MD
LG