Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, адзначаюць 80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Сёньня, у дзень пачатку Слуцкага паўстаньня, у штаб-кватэры партыі БНФ наладзілі ўрачыстае паседжданьне і юбілейны канцэрт.

Сёньняшнія ўрачысты сход і канцэрт ёсьць працягам сьвяткаваньня 80-х угодкаў збройнага чыну, якое пачалося ўчора ў Слуцку, Семежаве, Вызьне й Грозаве — месцах, дзе ў лістападзе–сьнежні 1920 году йшлі найбольш жорсткія баі стральцоў Беларускае Народнае Рэспублікі з бальшавікамі.

Паводле словаў адказнага сакратара ўправы партыі БНФ Аляксея Кавальца, які ёсьць адным з арганізатараў сёньняшняй імпрэзы, рашэньне пра сьвяткаваньне 80-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну было прынята лідэрамі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў. Лідэры аб'яднанай апазыцыі лічаць, што 80-ы юбілей збройнага чыну варты таго, каб шырока адзначыць яго. На думку арганізатараў сьвяткаваньня, гэтая дата мае сёньня ня толькі гістарычны аспэкт.

Гаворыць адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) "80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ў нашым кантэксьце – вельмі важнае сьвята, таму што ёсьць нагода ўспомніць, што за Беларусь нашыя продкі змагаліся і аддалі свае жыцьці за тое, каб Беларусь была вольная. Таму аб'яднаная каліцыя прыняла рашэньне больш шырока сёлета сьвяткаваць 80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. У палітычным кантэксьце гэтае сьвята важнае, зважаючы на тое, што сёньня адбываецца. Сёньня ўжо зьнятыя ўсе – хоць яны былі ня шчырымі беларусамі, але ж па паходжаньні беларусамі, і ў сілавыя структуры прызначаюцца людзі з Масквы. Таму сьвята мае і палітычны кантэкст".

Паведаміў спадар Кавалец.

Як паведаміла сябра камісіі ў справах культуры партыі БНФ Ірына Мазюк, у праграме сёньняшняй імпрэзы выстава твораў вядомага мастака Алеся Пушкіна, прысьвечаных тэме збройнае барацьбы случакоў, выстава дакумэнтаў пэрыяду Слуцкага паўстаньня, выступы вядомых беларускіх гісторыкаў, апазыцыйных палітыкаў, а таксама бардаў і фальклёрных калектываў, якія выконваюць песьні, што ў 1920 годзе сьпявалі слуцкія паўстанцы.

Сьвяткаваньне 80-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну працягнецца да 1 сьнежня і скончыцца дэманстрацыяй у сталічным кінатэатры "Зьмена" дакумэнтальнага фільму пад назваю "Рэха Слуцкага збройнага чыну".

XS
SM
MD
LG