Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 лістапада 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Як афіцыйныя структуры камэнтавалі сёньняшнія гучныя адстаўкі й прызначэньні…

У Пракуратуры, КГБ й Радзе Бясьпекі ад камэнтароў адмаўляліся, спасылаючыся на тое, што рашэньні прымаліся Аляксандрам Лукашэнкам. У ягонай адміністрацыі ўпаўнаважаны быў камэнтаваць прэсавы сакратар Мікола Барысевіч, але ён быў зусім нешматслоўны. Гаворыць Мікола Барысевіч:

(Барысевіч: ) «У апошні час прэзыдэнт аддаваў вельмі вялікую ўвагу ходу сьледзтва па злачынствах і зьнікненьнях людзей, якія знаходзяцца на яго асабістым кантролі і атрымалі вялікую грамадзкую агалоску, і таму, магчыма, адна з прычын прыняцьця апошніх кадравых рашэньняў была ў тым, што прэзыдэнт незадаволены ходам сьледзтва і тымі дзеяньнямі, якія прадпрымаюцца па раскрыцьці гэтых злачынстваў».

Паведаміў прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікола Барысевіч.

Віктара Шэймана лічылі «непатапляльным» паплечнікам Лукашэнкі, гэткім «шэрым кардыналам» у ягоным атачэньні. І раптам такая гучная адстаўка. Сёньня ў абед ён яшчэ быў на сваім рабочым месцы, але з прэсаю размаўляць адмаўляўся. Замест яго сытацыю камэнтаваў супрацоўнік прэсавага цэнтру Рады Бясьпекі, які прасіў не называць ягонае імя:

(Супрацоўнік: ) «Мы гэта камэнтаваць ня можам, гэта як бы ня намі рашалася… Гэта нам камэнтаваць проста не з рукі…»

На пытаньне, які лёс апарата Рады Бясьпекі, асабліва тых супрацоўнікаў, якія былі блізкія да Шэймана, супрацоўнік прэс-цэнтру Рады Бясьпекі адказаў:

(Супрацоўнік: ) «Новы дзяржаўны сакратар у нас яшчэ не зьяўляўся, не прадстаўлены. Наш апарат працуе ў звычайным рытме. Кожны супрацоўнік успрымае па-рознаму, але гэта глыбака ўнутры ў кожнага, а звонку — усе працуюць нармальна».

Новы дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Ўрал Латыпаў у момант ягонага раптоўнага прызначэньня ўвогуле ня быў у Беларусі. Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства замежных справў Павал Латушка:

(Латушка: ) "Урал Латыпаў знаходзіцца зараз на саміце міністраў замежных справаў краінаў-удзельніцаў АБСЭ ў Вене, і яго вяртаньне ў Рэспубліку Беларусь плянуецца, наколькі я маю інфармацыю, у сераду раніцай. Тады Вы ў яго зможаце запытацца, як было ўспрынятае гэтае прызначэньне".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі да выкананьня абавязкаў прыступіць новы міністар Міхаіл Хвастоў?"

(Латушка: ) "Я думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. Але я не магу Вам гаварыць аб канкрэтным дні".

(Карэспандэнт: ) "Што б Вы маглі адказаць на такія абвінавачаньні, якія зараз гучаць з боку апазыцыйных дзеячоў, што Лукашэнка, маўляў, прызначае выключна этнічных расейцаў або ўраджэнцаў Расеі на самыя адказныя пасады, у тым ліку, Міхаіл Хвастоў?"

(Латушка: ) "Вы ведаеце, мне здаецца, што гэта ўжо справа іншага характару. Чалавек можа мець розную нацыянальнасьць, як вядома, на тэрыторыі Беларусі жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў. Вельмі важна, як прадстаўнік той ці інашй нацыянальнасьці ставіцца да беларускай культуры, да беларускай дзяржавы, да беларускай гісторыі, увогуле, да беларускага этнасу, да беларускага народу".

Гэта быў прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка.

XS
SM
MD
LG