Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш адзначыў амэрыканскае сьвята Дзень Падзякі ў Остыне, а ягоны дэмакратычны супернік Эл Гор у Вашынгтоне. Аднак, іхныя выбарчыя штабы не бязьдзейнічалі.

Замест таго, каб сесьці за стол з традыцыйным індзюком, сябры выбарчых камісіяў ў дзьвюх акругах Флярыды – Пальм Біч і Броўэрд, сьпешна пералічвалі галасы, каб пасьпець з гэтым да поўначы зь нядзелі на панядзелак, і затым перадаць вынікі падліку сакратару штату Кэтрын Гарыс. Тым часам не пакладаюць рук і юрысты абодвух кандыдатаў…

Учора юрысты Гора абскардзілі ў Вярхоўным Судзе Флярыды рашэньне ўладаў найбольш шматлюднай акругі Флярыды – Маямі-Дэйд. У сераду тамтэйшыя ўлады вырашылі спыніць ручны пералік галасоў, паколькі прызналі, што не пасьпеюць зрабіць гэтага да закачэньня тыдня. Аднак Вярхоўны Суд штату адкінуў скаргу дэмакратаў.

Настойлівасьць Гора тлумачыцца тым, што тры акругі: Броўэрд, Пальм-Біч і Маямі-Дэйд лічацца прадэмакратычнымі, адсюль імкненьне дэмакратаў не ўпусьціць ніводнага голасу.

Афіцыйна прадстаўнік выбарчага штабу Гора Бэкус заявіў, што " ўсе хочуць атрымаць найбольш акуратны падлік" і " кожны выбаршчык мае права на тое, каб ягоны голас быў ўлічаны", але справа ня гэтулькі ў прынцыпах, колькі ў арыфметыцы.

" Я упэўнены, што калі б акуратна падлічыць галасы ў акругах Пальм Біч і Броўэрд, гэтага было б дастаткова для нашай перамогі "-заявіў дарадца Гора Рон Кляйн.

Пасьля мэханічнага падліку галасоў Буш апярэджваў дэмакратычнага кандыдата на 930 галасоў, аднак пасьля ручнога пераліку разрыў паміж імі зьменшыўся на 139 галасоў.

Пасьля адмовы ў адной справе юрысты Гора зьвярнуліся ў гэты-ж суд з просьбай загадаць выбарчым камісіям у трох акругах прынамсі ўлічыць тыя 10 тысячаў галасоў, якія падчас мэханічнага падліку з прычыны нейкіх недакладнасьцяў былі адкінутыя.

У акрузе Пальм Біч мясцовы суд стаў на баку Гора, і загадаў разглядзець недакладна прабітыя пэрфаратарам бюлетэні, зь якіх вынікае, за каго выбаршчык хацеў галасаваць.

Тым часам, выбарчы штаб Буша зьвярнуўся ў Вярхоўны суд ЗША са скаргай на Вярхоўны суд Флярыды за тое, што той наагул дапусьціў і загадаў працягваць ручны пералік галасоў. На думку рэспубліканцаў, ручны пералік галасоў " выпадковы, хаатычны і недакладны".

Фэдэральны суд яшчэ не прыняў рашэньня. Экспэрты лічаць, што суд наагул ухіліцца ад адказу, паколькі ён традыцыйна трымаецца здалёк ад выбарчых канфліктаў, якія безпасярэдне тычацца палітыкі.

Юрысты Буша цьвердзяць, што, дапускаючы ручны пералік галасоў, суд зьмяніў "правілы гульні" ўжо пасьля галасаваньня.

Буш выступіў са скаргай супраць 13-ці акруговых выбарчых камісіяў, якія з прычыны фармальных хібаў – адсутнасьці паштовага штампу, альбо подпісаў сьведкаў, адкінулі некалькі сотняў галасоў, аддадзеных вайскоўцамі з амэрыканскіх базаў за мяжою.

Штаб Буша цьвердзіць, што гэткім чынам, здамінаваныя дэмакратамі выбарчыя камісіі дапусьцілі недапушчальную рэч: хацелі пазбавіць вайскоўцаў "права голасу".

Такім чынам, абвяшчэньне канчатковага выніку прэзыдэнцкіх выбараў зацягваецца, і набліжаецца да крытычнай даты.

18-га сьнежня зьбіраецца Выбарчая Калегія, якая павінна прыняць рашэньне, хто будзе 43-м прэзыдэнтам ЗША.

У Калегіі засядаюць па тры дэлегаты ад кожнага штату, а таксама дадатковыя дэлегаты ў залежнасьці ад колькасьці насельніцтва ў штаце. Флярыда мае ў Калегіі 25 вырашальных для сёлетніх выбараў мейсцаў, інакш кажучы – галасоў.

Лідэры рэспубліканцаў у Кангрэсе заявілі, што калі ў выніку ручнога пераліку галасоў Гор атрымае на Флярыдзе перавагу над Бушам, яны, праўдападобна, не прызнаюць галасоў, якімі валодае гэты штат.

Кангрэс ЗША мае зацьвердзіць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 5-га студзеня. Калі ён не прызнае галасаваньня ў Выбарчай Калегіі, тады прэзыдэнта будзе абіраць Палата Прадстаўнікоў, у якой большасьць маюць рэспубліканцы. Учора ў кароткай гутарцы з журналістамі ў штаце Мэрыленд прэзыдэнт Клінтан заклікаў амэрыканцаў захаваць цярплівасьць, паколькі ўсё адбываецца ў адпаведнасьці з законам.

XS
SM
MD
LG