Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

25 лістапада абвешчаны Міжнародным днём барацьбы з гвалтам над жанчынай. Паводле сацыялягічных дасьледваньняў, каля 90 адсоткаў беларускіх жанчынаў сутыкаюцца з гвалтам рознага кшталту. Кожнай трэцяя жанчына ў Беларусі хоць адзін раз у жыцьці была зьбітая.

Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі беларускіх жаночых арганізацыяў, найбольш распаўсюджанае ў краіне хатні гвалт. Тым больш, што ў Беларусі дагэтуль няма Закону пра хатні гвалт, які дзейнічае ў большасьці заходніх краінаў.

Летась у Беларусі было зарэгістравана больш за 20 тысячаў крымінальных злачынстваў, скіраваных супраць жанчынаў. Але гэтую лічбу, як мяркуе старшыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна, трэба павялічыць у 5-10 разоў. Бо жанчынаў, што пацярпелі ад гвалту з боку мужчынаў, значна больш. Але часьцей за ўсё яны проста не зьвяртаюцца ў міліцыю, бо ня ўпэўнены, што ім там дапамогуць.

Распавядае Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) "Гвалт над жанчынай, над дзецьмі, гэта звычайная зьява ў нашым грамадзтве. Сацыялягічныя дасьледаваньні таксама паказваюць на тое, што 90 адсоткаў жанчынаў Беларусі сутыкаецца з рознымі відамі гвалту. Гэта псыхалягічнае, вэрбальнае, фізычнае насільле. Кожнае трэцяя жанчына Беларусі хоць аднойчы ў жыцьці была зьбітая. Самае галоўнае, што гвалт зьяўляецца такой зьявай, да якой нашае грамадзтва прызвычаілася".

Зазначыла Людміла Пеціна.

Паводле справаздачы пра ўсясьветнае разьвіцьцё, якую падрыхтаваў у 93-м годзе Ўсясьветьны банк, у жанчынаў у веку ад 15 да 44 гадоў гвалт у сям'і скарачаюць жыцьцё больш, чым ракавая пухліна грудзі, складаныя роды, войны і аўтакатастрофы.

У кожным штаце Злучаных Штатаў Амэрыцы дзейнічае закон пра хатні гвалт, у адпаведнасьці зь якім жанчыны могуць прыцягнуць да адказнасьці сваіх мужоў за рознага кшталту гвалт. Такі закон існуе і ў большасьці эўрапейскіх краінаў. Нават у Расеі яго ўжо некалькі разоў разглядалі ў парлямэнце, але пакуль не прынялі. У Беларусі ж да гэтага справа яшчэ не дайшла. Сытуацыю тлумачыць Людміла Пеціна:

(Пеціна: ) "Прпактычна такі закон, мадэльны, ён выпрацаваны. Гэта закон, які сапраўды абараняе жанчыну ад хатняга гвалту. Безумоўна, у парлямэнце больш за 90 адсоткаў мужчынаў, і няма шанцаў, што такі закон можна прыняць".

Паведаміла Людміла Пеціна.

У многіх заходніх краінах існуюць, так бы мовіць, "прытулкі" для жанчынаў, якія маюць праблемы ў сям'і. У такіх "прытулках" жанчыны разам з дзецьмі могуць часова схавацца ад разьюшанага мужа, атрымаць мэдычную, юрыдычную і нават грашовую дапамогу. У Беларусі ж дагэтуль няма ніводнага крызыснага цэнтру для жанчынаў. Існуе толькі некалькі кансультацыйных цэнтраў, дзе жанчыны могуць атрымаць псыхалягічную і юрыдычную дапамогу. Але гэтыя цэнтры пакуль ня маюць сталага фінансаваньня.

XS
SM
MD
LG