Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У Маскве завяршыла працу місія Міжнароднага валютнага фонду, якая павінна была заключыць пагадненьне з расейскім урадам. Аднак мэта візыту не была дасягнутая.

Перамовы місіі Міжнароднага валютнага фонду доўжыліся два тыдні. Перад сваім адлётам ў Вашынгтон экспэрты заявілі пра неабходнасьць яшчэ аднаго раўнду, які, па ўсёй магчымасьці, адбудзецца на самым пачатку наступнага году.

Цяперашнія перамовы мелі адну асаблівасьць, вельмі істотную для расейскай эканомікі. У наступным годзе Расея павінна выплаціць Парыскаму клюбу 3 мільярды даляраў запазыкі. Такіх грошай у расейскім бюджэце няма. Урад Расеі спадзяецца адкласьці астатнія выплаты клюбу, і гэта магло б быць рэальным, калі б місія МВФ ухваліла эканамічную праграму Расеі. Бяз гэтага спадзявацца на посьпех перамоваў, адзначаюць назіральнікі, няма ніякага сэнсу.

Як заўважае сёньня маскоўская газэта "Известия", асноўнай прычынай разнагалосьсяў паміж экспэртамі МВФ і прадстаўнікамі фінансавых ведамстваў Расеі ёсьць вялікая ступень нявызначанасьці адносна плацежнага балянсу.

З аднаго боку, Расея не жадае браць на сабе абавязкі ва ўмовах незразумелай пэрспэктывы, з другога – МВФ ня можа падпісаць пагадненьне, якое дапускае магчымасьць карэктыроўкі. Фонд згодны памяняць некаторыя парамэтры, але прынцыпы крэдытна-грашовай палітыкі павінныя заставацца непахіснымі.

«Известия» прыгадваюць меркаваньне дарадцы расейскага прэзыдэнта ў справах эканомікі Андрэя Іларыёнава, які лічыць, што максымум дадатковых даходаў павінна ісьці на пагашэньне зьнешняй запазыкі і адзначаюць, што гэта можа застацца ня больш чым добрым пажаданьнем.

Нягледзячы на ўсе цяперашнія спрыяльныя ўмовы, ў Расеі не нагэтулькі добры плацежны балянс, каб выплаціць ўсе запазыкі своечасова. А па-другое, зьмена кан'юнктуры на рынку энерганосьбітаў здольная істотна паўплываць на фінансавае становішча Расеі. Іншымі словамі, калі кошт на нафту ўпадзе (пра што ўжо заявіла ОПЕК), Расея пазбавіцца галоўнай часткі свайго цяперашняга экспартнага прыбытку.

Сёняшняя "Российская газета" зьвяртае ўвагу на тое, што тэмпы інфляцыі па выніках сёлетняга году дасягнуць 21,5 адсоткі замест меркаваных 18-ці. "Калі праграма супрацоўніцтва з фондам так і ня будзе зацьверджаная, – адзначае аглядальнік "Российской газеты" Аляксандар Велічэнкаў, – дык гэта абыйдзецца для Расеі ў пяць мільярдаў даляраў. Наступны год Расея і без праграмы супрацоўніцтва з МВФ можа неяк праіснаваць. Але толькі наступны. У 2003 годзе плацяжы Расеі па зьнешніх запазыках, калі не атрымаецца дамовіцца з Парыскім клюбам, дасягнуць 18-ці мільярдаў даляраў, а ўсе валютныя рэзэрвы будуць страчаныя. Пры бюджэце ў 40 мільярдаў даляраў такія выплаты – невысносныя для эканомікі. І ніякае станоўчае сальда зьнешнага ганддлю, хай бы нават яно было 80 мільярдаў, ня зробіць гэтую праблему вырашальнай".

Дарэчы, ўсяго Расея вінаватая Парыскаму клюбу 48 мільярдаў даряраў, што прыблізна ў пятнаццаць разоў болей, чым сума, якую Расея павінна выплаціць ў наступным годзе.

"Российская газета" лічыць, што калі ўраду ня ўдасца дамовіцца з крэдыторамі, дык наступны фінансавы крызіс у 2003 годзе будзе "на сумленьні заходніх партнэраў". Цяжка меркаваць, у чым могуць быць вінаватыя перад Расеяй заходнія краіны і міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія ня першы год ідуць на пастаянныя саступкі краіне, што працягвае лічыць сябе "звышдзяржавай", але не жадае заплаціць спачатку хаця б пятнаццатую частку сваёй запазыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG