Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару штотыднёвіка "Рабочы".

Штотыднёвік "Рабочы" на мінулым тыдні ў ліку іншых 43-х незалежных выданьняў стаў удзельнікам першага на Беларусі фэстывалю незалежнай прэсы, які адбыўся ў Менску. Арганізатар сьвята – Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) на чале з прэзыдэнтам асацыяцыі Жанай Літвіной. Пра адметную падзею ў журналісцкім сьвеце сьведчаць здымкі і тэкстоўка на першай старонцы чарговага нумару "Рабочага". Побач – зьвесткі пра забастоўку рабочых з нагоды затрымкі выплаты заробку на Менскім маторным заводзе. Ніжэй – традыцыйныя дыяграмы. На гэты раз зь іх можна даведацца, як адносіцца насельніцтва Беларусі да свайго матэрыяльнага становішча. Аб тым, што яно пагоршылася, заяўляюць сёньня 59,9% апытаных. Не змянілася – у 34,3%, палепшылася – 5,3%. Нічога канкрэтнага не адказалі толькі 0,5% рэспандэнтаў. Больш за 50% апытаных лічаць адказным за дрэнны стан эканомікі ў краіне наша сёньняшняе кіраўніцтва.

Прафсаюзныя праблемы ахоплівае другая старонка штотыднёвіка. На гэты раз пад рубрыкай "Зборачны цэх" пра ролю і месца беларускіх прафсаюзаў у сучасным жыцьці краіны разважае старшыня Менскага абласнога Савета Беларускага прафсаюза работнікаў хімічных галін прамысловасьці Кузьма Кашэўскі. Такім чынам прафсаюзная дыскусія на старонках газэты пашыраецца, ахопліваючы разнастайнае кола поглядаў.

Абараняемся – такі асноўны матыў публікацый наступнай старонкі "Маё права". Тут друкуецца заява Дзьмітрыя Абадоўскага, які ўжо шмат месяцаў знаходзіцца ў заключэньні паводле недаказальнага крымінальнага абвінавачаньня. Справа мае выразнае палітычнае адзеньне, бо Дзьмітры – сын вядомага ў Магілеве праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Пратэстуючы супраць самавольства ўлады, юнак пайшоў на адчайны крок – распачаў з 18 лістапада бягучага года сухую галадоўку.

Старонка "Мой дом" сустракае чытача маналёгам Ірыны Шавель, маці хлопчыка-інваліда. Усіх, хто мае адпаведныя цяжкасці і праблемы, жанчына запрашае далучыцца да сумеснай работы ў грамадзкім аб'яднаньні "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам". Газэта друкуе каардынаты грамадзкай арганізацыі і нумар банкаўскага рахунку. Пад рубрыкай "Меркаваньні" газэта мае намер друкаваць з нумара ў нумар думкі ўласных чытачоў пра сучаснае наша жыцьцё. Першым у новай рубрыцы стаў допіс Вольгі Цясьленкі з г. Чавусы Магілеўскай вобласьці з назвай "Нельга ашукваць усіх і заўсёды!"

Далей – чарговая тэматычная старонка "Гаспадыня лёсу". Сёньня яе гераіня – сустаршыня грамадзкага аб'яднаньня "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" і, адначасова, дырэктар Жаночага навучальнага каардынацыйнага цэнтру Людміла Пеціна. Яна разважае пра ролю жанчын ў грамадзтве, расказвае пра сябе і пра работу цэнтра, які ўзначальвае.

Шэраг матэрыялаў прысьвячае "Рабочы" найбуйнейшай у сучаснай Беларусі праваабарончай арганізацыі – грамадскаму аб'яднаньню "Праваабарончы цэнтар "Вясна". Цэнтральнай на шостай паласе газеты стала гутарка Тацяны Рэвяка з Алесям Бяляцкім, які ўзначальвае "Вясну". А на старонцы "Мой сусьвет" зьмешчаныя матэрыялы прэс-канфэрэнцыі, што адбылася на пачатку тыдня ў штаб-кватэры Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Вядомыя прадстаўнікі апазыцыі: В. Вячорка, А. Саньнікаў, А. Кароль падрабязна расказалі прысутным пра вынікі апошняй паездкі ў Брусэль, Парыж, Бэрлін, Лёндан і адносіны Эўрапейскай грамадзкасьці да стану справаў у нашай краіне.

І, нарэшце, апошняя старонка выпуску – "Мой выхадны". На гэты раз яна цалкам прысьвечаная 80-гадоваму юбілею любімага беларусамі пісьменьніка і паэта Ўладзімера Караткевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG