Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня прыватныя гандляры буйнейшых рэчавых рынкаў Гомельскага рэгіёну падтрымалі агульнанацыянальны страйк.

Звыш двух соцень гандляроў Рэчыцы пратэставалі сёньня супраць неапраўданага ўскладненьня прадпрыймальніцкае дзейнасьці, незаконных канфіскацыяў тавараў і чарговага падатковага ўціску. Вось як патлумачыла свой удзел у страйку прадпрыймальніца Тацяна Сава: "Проста ўжо накіпела ў душы. Хочацца працаваць спакойна, не адчуваць сябе злачынцам", — сказала прадпрыймальніца. У Рагачове сёньня гандляры рэчавага кірмашу скарысталі страйк для правядзеньня сходу, на якім стварылі суполку Саюзу прадпрыймальнікаў. Узначаліў яе Ўладзімер Ціхінскі.

Ня выйшлі сёньня на працу і каля трох тысячаў прыватных гандляроў Гомелю. Нязвыкла пуста выглядаў рынак "Давыдаўскія рады" ў Савецкім раёне гораду. На Цэнтральным кірмашы, дзе прадаюцца прамысловыя вырабы, не было ніводнага страйкбрэхера. Гандлёвыя шэрагі спрэс пуставалі. Да страйку далучыліся і многія з тых, хто гандлюе харчовымі прадуктамі.

Напярэдадні дырэкцыя кірмашу, разам зь міліцыянтамі й падаткоўцамі запалохвала арганізатараў страйку — прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу прадпрыймальнікаў Тацяну Марчанку, Тамару Нічыпарэнку ды іншых — адносна немагчымасьці правядзеньня мітынгу. Відаць таму, каб розгалас пра страйк і мітынг не дайшоў да прэм'ера Ярмошына, які прыяжджаў сёньня ў Гомель, наведваў "доўгабуды", аглядаў новыя вагоны, станцыю перапампоўваньня нафты, але са страйкоўцамі не сустрэўся.

Прадпрыймальнікі не мітынгавалі. Яны ахвотна дзяліліся сваімі праблемамі. Распавядае Віктар Чмыхаў:

"Рэзкі ўздым падатковае нагрузкі — кожны год, кожны месяц — ён ужо захлынае. Людзі ня могуць гандляваць. Я актыўную прадпрыймальніцкую дзейнасьць спыніў яшчэ ў мінулым годзе. Рызыкоўна ўкладаць свае грошы. У Расею людзі ад'яжджаюць, сыходзяць у цень, бо нельга заплаціцьтакія шалёныя падаткі. А тут запаланяюць усё віетнамцы. Як жа нацыяналізму ня быць? Скупляюць месцы, затым нам перапрадаюць. Плацяць ня толькі дзяржаве, але й кірмашу. Вось вам і карупцыя. Мы хочам падняць эканоміку, а нам не даюць. На каго ж нашыя дзеці, дзяржава абапірацца будзе? Няма на каго!", — зазначыў прадпрыймальнік Чмыхаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG