Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Сэрбскі журналіст з Босьніі, пакалечаны падчас выбуху бомбы, іранскі рэдактар, які зараз знаходзіцца ў турэмным зьняволеньні – адныя з тых, хто сёлета атрымаў галоўную ўзнагароду Свабоды слова ад Міжнароднага камітэту абароны журналістаў.

Калі Жэлька Копанья ўздымаўся на трыбуну, каб атрымаць узнагароду ад Міжнароднага камітэту абароны журналістаў, заля, стоячы, вітала яго апладысмэнтамі. Учора ўвечары гэтая цырымонія адбылася ў адным з Ню-Ёркскіх гатэляў. Было заўважна, што Копанья моцна ўзрушаны такім ушанаваньнем. Атрымліваючы ўзнарагоду, ён сказаў, што гэта будзе моцнай падтрымкай усім тым у Югаславіі, хто, паводле яго словаў, аддае перавагу праўдзе, а не хлусьні, сьвятлу, а не цемры, дабру, а ня злу, будучыні, а не мінуламу.

Копанья быў узнагароджаны за яго працу ў газэце Nezavisne Novine, буйнейшым штодзённым сэрбскім выданьні ў Босьніі-Герцагавіне, якую ён заснаваў у 1995-м годзе. Летась у кастрычніку, на наступны дзень пасьля свайго саракапяцігодзьдзя, Копанья страціў абедзьве нагі ў выніку выбуху бомбы паблізу яго дома ў Баня Луцы. Журналіст мяркуе, што гэты замах быў зьвязаны з сэрыяй яго публікацыяў пра масавыя забойствы сэрбскімі ўладамі басьнійскіх мусульманаў і харватаў падчас вайны 1992-1995 гг.

Другі ляўрэат учора ня змог прысутнічаць на цырымоніі. Машалах Шамсольваезін зараз адбывае зьвяволеньне у адной з іранскіх турмаў . За так званую зьнявагу прынцыпаў ісламу іранскія ўлады засудзілі яго да двух з паловай гадоў няволі. Пад такой самай зачэпкай улады Ірану зачынілі ўжо каля двух дзясяткаў газэтаў. Каб выходзіць да чытача, Шамсолваезін з 98-га году заснаваў чатыры розныя выданьні. Цяпер усе чатыры забароненыя. На цырымоніі быў зачытаны ліст ад Шамсолваезіна, атрыманы з турмы праз яго жонку.

Міжнародныя прэміі Свабоды слова сёлета атрымалі чацьвёра журналістаў. Яшчэ двое – гэта Мадэстэ Муцінга з Конга і Стэфан Ган з Малайзіі.

Журналіст Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі, які падчас яго працы ў Чачні быў скрадзены і стаў закладнікам сваёй прафэсіі, учора таксама прысутнічаў на цырымоніі ў Ню-Ёрку.

Амэрыканскі журналіст Оціс Чандлер з газэты Los Angeles Times быў ганарваны прэміяй за жыцьцёвыя дасягненьні ў журналістыцы.

Прэмію Свабоды слова заснаваў Міжнародны камітэт абароны журналістаў. Нагадаем, што гэта – няўрадавая арганізацыя, заснаваная ў 1981-м годзе у ЗША. Асноўныя мэты Камітэту – абарона свабоды слова па ўсім сьвеце, маніторынг фактаў перасьледу, затрыманьняў, зьняволеньня, зьбіцьця і забойстваў журналістаў, перасьледу незалежных выданьняў. У1998-м годзе ляўрэатам штогадовай прэміі Камітэту быў Павал Шарамет. Сёлета Міжнародны камітэт абароны журналістаў зьвяртаўся да беларускіх уладаў з прычыны перасьледу газэты "Рабочы", а таксама заклікаў да больш канкрэтных высілкаў у справе пошуку зьніклага журналіста Дзьмітрыя Завадзкага.

XS
SM
MD
LG