Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Два тыдні таму мы паведамлялі пра сытуацыю, у якой апынулася на Поўначы Расеі вялікая колькасьць нашых землякоў. У прыватнасьці, гэта тыя, хто трапіў на будоўлю Вілюйскае ГЭС, якую фінансуе кампанія "Алмазы России". Адпрацаваўшы па некалькі месяцаў у экстрэмальных умовах, беларускія вахтавікі ня толькі не атрымалі ніякіх грошай, але нават ня мелі сродкаў на тое, каб вярнуцца дадому. Сёньня ў офісе газэты "Рабочы" наш карэспандэнт сустрэўся з двума нашымі працаўнікамі, што ўчора вярнуліся з Саха-Якуціі.

Сцэнар, паводле якога беларусы трапляюць на расейскую Поўнач, прыблізна аднолькавы. Прынамсі, Сяргей Калаур зь Пінску й Сяргей Марцынкевіч са Слуцку знайшлі адпаведныя запрашэньні наўпрост у мясцовых бюро працаўладкаваньня. Заробак прапаноўваўся па сёньняшнім часе прыстойны ($300 без уліку выдаткаў). Але ўжо на месцы аказвалася, што запрашэньне ня мае нічога агульнага з тэкстам дамовы.

Гаворыць Сяргей Марцынкевіч:

"Я 20 год адпрацаваў на бульдозэры, а мяне чамусьці ставяць на стажаваньне да чалавека, які працуе толькі год. Гэта значыць, мінімум месяц праца паводле ніжэйшага разраду й без прэміяльных… Першапачаткова было абумоўлена 5 працоўных дзён на тыдзень, а прыехалі — 10–13 гадзінаў штодня разам з выходнымі. Іншая справа — калі б плацілі! А тут нават не далі адмысловага адзеньня, і кожны працаваў у тым, у чым прыехаў. Месяц яшчэ папрацаваў…"

І калі цярпеньне скончылася, разам зь іншым бульдазэрыстам Сяргей напісаў заяву, што ня згодны з працоўнай дамоваю і патрабуе кампэнсацыі выдаткаў і вяртаньня за кошт адміністрацыі дадому. Адказу не было…

Зноў гаворыць Сяргей Марцынкевіч:

"Мы паехалі да кіраўніцтва ў Мірны, але нас там ужо чакала міліцыя. Завялі ў аддзел. Найперш было пытаньне: "Ну што, страйкуеце?"… А потым пачалі зьбіваць. У Сьветлы ж пайшла інфармацыя, што мы былі пьяныя. Ужо ў пасёлку нас накіравалі на мэдкамісію. Асьведчаньне паказала, што ніякіх сымптомаў няма, але ўсе гэтыя паперы далей лякарні ня выйшлі. 8 лістапада нас звольнілі. Загад быў падпісаны, але копію працоўнае дамовы не далі, разьліку не было таксама. Усе астатнія дні харчаваліся чым прыйдзецца. Так і пражылі".

Брыгада, дзе працаваў Сяргей Калаур, пайшла, так бы мовіць, у наступ адразу ж. Спрэчкі з кіраўніцтвам аказаліся марнымі. Была аб'яўленая галадоўка, на якую мясцовыя ўлады не зьвярталі ўвагі 2 тыдні! Мала таго, усе галадары наогул былі зьнятыя з харчаваньня. Толькі калі Ігар Гапоненка з Мазыра страціў прытомнасьць, была выкліканая "хуткая дапамога". Тады ўпершыню прынесьлі ежу.

Што было далей, распавядае Сяргей Калаур:

"…І зноў усё заглохла. Праўда, кіраўніцтва сказала, што харч выдалі дзеля таго, "каб раней тэрміну не паздыхалі". Тэрмін адлёту ўвесь час пераносіўся. Нарэшце, 18 лістапада фірменны самалёт "Алрос" (хоць і ляцеў да Масквы) чамусьці выкінуў нас у Чабаксарах. Прычым, прадстаўнік кампаніі спрабаваў схавацца. Яшчэ 12 гадзінаў ехалі да Масквы. Там наш куратар зьнік і мы засталіся на Кіеўскім вакзале без анічога… Намі пачалі цікавіцца міліцыянты. Добра, удавалася дамаўляцца — яны й самі разумелі, што ўзяць з нас няма чаго".

Паводле пацярпелых, яшчэ некалькі дзясяткаў беларусаў задзейнічаныя на аб'ектах "Алроса".

Паказальна, што беларуская амбасада ў Расеі не выказвае практычна ніякае цікаўнасьці да сваіх грамадзянаў. Уся зацікаўленасьць у дадзеным выпадку абмежавалася адным тэлефаваньнем кагосьці з клеркаў з пытаньнем: "Калі ў вас скончыцца галадоўка?". Ды й шмат хто лічыць, што калі б ня шум, ініцыяваны роднымі вахтавікоў, невядома, ці хутка яны вярнуліся б дадому.

XS
SM
MD
LG