Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Павал Мажэйка, Прага

Мы працягваем сачыць за ініцыятывай 14 арганізацыяў беларускай і праваслаўнай меншасьці Польшчы, што скіравалі прэзідэнту, прэм'ер-міністру гэтае краіны і ў шэраг міжнародных арганізацыяў зварот, дзе паведамляюць пра прыклады неталерантнага стаўленьня польскіх уладаў да беларусаў Бласточчыны.

Зварот 14 беларускіх і праваслаўных арганізацыяў Польшчы адразу выклікаў вялікую цікавасьць у польскай прэсе. Яго называюць ня йнакш, як "ліст 14-ці". Аднак камэнтары зьдзіўляюць сваёй аднабаковасьцю. Складваецца ўражаньне, што польскае грамадзтва ня бачыць альбо ня хоча бачыць праблемаў нацыянальных меншасьцяў у сваёй краіне.

Прэсавы сакратар Падляскага ваяводы Тамаш Сурыновіч зазначыў польскаму прэсаваму агенцтву, што "ліст мае дэмагагічны характар і не ўтрымлівае аніякіх фактаў".

Адам Суша піша ў Kurier Poranny: "…адна з найгоршых рэчаў, якая можа здарыцца ў Падляскім ваяводзтве, гэта спроба зарабіць палітычны капітал на ўзбуджэньні нацыянальных сварак. А такі ёсьць першы вынік скаргі 14 арганізацыяў беларускай і праваслаўнай меншасьці".

Па каментар да гэтых ды іншых выказваньняў у польскай прэсе, я зьвярнуўся да старшыні Беларускага Саюза ў Польшчы Яўгена Вапы, які таксама падпісаў гэты зварот:

(Вапа: ) "Калі я чую гэткія выказваньні, дык для мяне ўсе ідэі пабудовы нейкіх супольных каштоўнасьцяў, пабудовы дыялёгу ў грамадзстве разыходзяцца з сэнсам. Ніхто на гэтым палітычнага капіталу зьбіраць ня хоча. Падпісантамі гэтага ліста ёсьць людзі розных меркаваньняў, розных палітычных накірункаў, заангажаваны ў гэта ёсьць аўтарытэт арганізацыяў царкоўных. Гэта ніякая не палітычная акцыя. Проста мы хочам паказаць, што беларусы Польшчы хочуць быць партнэрамі ў справе вырашэньня супольных справаў на Беласточчыне".

(Мажэйка: ) "Ці адпавядае гэты зварот, падпісаны лідэрамі арганізацыяў, агульным настроям беларусаў Беласточчыны?"

(Вапа: ) "Людзі, якія падпісалі гэты ліст кансультаваліся ў сваіх арганізацыях і ў сваім асяродзьдзі. І гэтыя подпісы ёсьць знакам таго, што арганізацыі і іх лідэры так думаюць".

(Мажэйка: ) "Язэп Мазалеўскі, дэпутат і старшыня Падляскай Акцыі Выбарчай Салідарнасьць сказаў, што добра было б, каб меншасьць Падляшша падтрымала польскую меншасьць у Беларусі, бо яна мае менш правоў, чым беларусы ў Польшчы".

(Вапа: ) "Чарговы раз бярэцца разгляд нацыянальных меншасьцяў ў якасьці закладнікаў адной ці другой дзяржавы. І гэта абсалютна не да ўспрыняцьця. Мы ёсьць грамадзянамі Польшчы і карыстаемся ўсімі тымі законамі, якія маем як грамадзяне польскай дзяржавы. А канстытуцыйна нам, як і ўсім грамадзянам Польшчы, дазваляецца ў форме звароту, ліста, зьвяртацца да ўладаў Польшчы".

(Мажэйка: ) "Вядома, што беларускія арганізацыі Польшчы ня маюць унутранага аддзінства. Падпісаньне ліста сталася толькі трэцяй сумеснай акцыяй за апошнія 10 год. Я лічу, што для гэтага патрэбная нейкая надзвычайная сытуацыя".

(Вапа: ) "Правільна, бо гэтая справа робіцца не ў кантэксьце пэўных дзеяньняў палітычных, нейкіх стасункаў, нейкіх плыняў. І гэта яшчэ раз падкрэсьліваю. Гэта ёсьць проста справа людзей, што заангажаваныя ў розныя напрамкі дзейнасьці, што гэта агульная праблема беларусаў Польшчы".

Гэта быў старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа, які камэнтаваў рэакцыю польскае прэсы і ўладаў на зварот 14 беларускіх і праваслаўных арганізацыяў Польшчы адносна дыскрымінацыі беларусаў Беласточчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG