Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менску спэцслужбы затрымалі адказнага чыноўніка сталічнага гарадзкога выканкаму. КГБ паведамляе, што ён атрымаў хабар памерам 3 тысячы даляраў, аднак прозьвішча арыштаванага хавае ў сакрэце.

Чарговага высокапастаўленага чыноўніка выкрылі на хабары. Сума хабару немалая для Беларусі — 3 тысячы даляраў. Быццам бы за гэтыя грошы адказны супрацоўнік менскага гарадзкога выканкаму браўся дапамагчы камэрсантам. Паводле паведамленьня КГБ, паслугі чыноўніка спатрэбіліся для атрыманьня гандлёвага шапіку побач з Камароўскім кірмашом.

Паводле супрацоўніка КГБ па Менску й Менскае вобласьці Андрэя Качуры, затрыманы чыноўнік утрымліваецца не ў звычайным сьледчым ізалятары, а ў славутай турме КГБ ("Амэрыканка"), у якой трымалі Віньнікаву й Старавойтава.

Прозьвішча затрыманага спэцслужбы не называюць. Удалося даведацца толькі, што ён працаваў на адказнай пасадзе ў архітэктурнай управе гарадзкога выканкаму. У прэсавым цэнтры гарадзкога выканкаму пацьвердзілі факт арышту свайго супрацоўніка, але паведаміць ягонае прозьвішча таксама адмовіліся.

Дзеля чаго патрэбная заслона сакрэтнасьці? Андрэй Качура спасылаецца на тое, што не завершанае сьледзтва. Між тым, назіральнікі называюць іншую прычыну. Частымі сталі выпадкі, калі затрыманым з-за падазрэньня ў хабарніцтве чыноўнікам удавалася пазьбегнуць суду. Згадваюцца гісторыі пра затрыманьне намесьніка старшыні Фрунзэнскага раённага выканкаму Комсы, былога супрацоўніка Савету міністраў Аляксеева, дырэктаркі дзяржаўнага цырку Бандарчук. Многія лічаць, што тут не абыйшлося без заступніцтва вышэйшых чыноўнікаў з атачэньня кіраўніка дзяржавы.

У прыватнасьці, паводле некаторых крыніцаў, вызваленьню зь ізалятару былое дэрэктаркі цырку Тацяны Бандарчук садзейнічаў кіраўнік адміністрацыі Міхал Мясьніковіч.

Чэкісты, аднак, з гэтымі падазрэньнямі не згаджаюцца. Паводле словаў Андрэя Качуры, у барацьбе з карупцыяй сярод адказных чыноўнікаў на ўзровень пасадаў не зважаюць. Ён прывёў у доказ тое, што сёлета былі асуджаныя за хабарніцтва былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску Цумараў, былы намесьнік кіраўніка Кастрычніцкага РАУС Пятліцкі ды некаторыя іншыя высокапастаўленыя асобы.

XS
SM
MD
LG