Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Старшыня "Палаты прадстаўнікоў" другога скліканьня Вадзім Папоў зьяўляецца яшчэ адным ураджэнцам Расеі, які заняў адну з найвышэйшых дзяржаўных пасадаў у Беларусі. Ён, як і прэм'ер Уладзімер Ярмошын, ня зможа прэтэндаваць у 2001 годзе на пасаду прэзыдэнта Беларусі, бо ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня. Аднак Вадзім Папоў у інтэрвію нашаму радыё заявіў, што й ня мае ніякіх амбіцыяў на гэты конт.
Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі правёў інтэрв'ю з новаабраным старшынём "Палаты прадстаўнікоў" Вадзімам Паповым…

(Каліноўскі: ) "Ці будзеце Вы весьці сэсіі на беларускай мове, як некаторыя Вашыя папярэднікі?"

(Папоў: ) "Калі будзе такое рашэньне дэпутатаў, то так і будзе".

(Каліноўскі: ) "Вы таксама расеец, як і прэм'ер-міністар Ярмошын. Таксама шмат міністраў расейцы. Як Вы лічыце, ці ёсьць тут момант не зусім карэктны ў дачыненьні да беларускае нацыі?"

(Папоў: ) "Вы задаяце няпростае пытаньне, і так прамалінейна на яго адказаць нельга. Але практыка іншых дзяржаваў паказвае, што дзе пачынаецца падыход паводле нацыянальнае прыкметы, там узьнікае напружанасьць. У нас жывуць прадстаўнікі больш як 80 розных нацыянальнасьцяў, і калі яны зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, дык маюць абсалютна роўныя правы быць у кіраўніцтве, на любой пасадзе ў адпаведнасьці са сваёй прафэсійнай падрыхтоўкаю, узроўнем ведаў і астатняга".

(Каліноўскі: ) "Вы сказалі, што, незалежна ад нацыянальнасьці, кожны мае права займаць любыя пасады. Вы нарадзіліся ў Смаленскай вобласьці і ня можаце быць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Ці Вам не здаецца, што Лукашэнка падтрымаў Вашую кандыдатуру менавіта таму, што Вы ня можаце быць яму канкурэнтам?"

(Папоў: ) "Нават і думак падобных не было, тым больш, што й з-за веку, і паводле перакананьняў гэта не мая пасада — быць прэзыдэнтам Рэспублікі. Кожны чалавек мусіць бачыць крайнюю мяжу свайго росту, ведаць, на што здольны. Таму падтрымка Аляксандра Лукашэнкі ніколькі не зьвязана з гэтай справаю. У нас дастаткова ў Беларусі і беларусаў, і народжаных на гэтай зямлі".

(Каліноўскі: ) "Як Вы мяркуеце, ці будзе мець новы склад "Палаты прадстаўнікоў" большы ўплыў, чым папярэдні?"

(Папоў: ) "Трэба разумець, што права заўсёды нясе з сабою адказнасьць і дадатковыя аб'ёмы працы. Нам спачатку трэба разабрацца з тым, што маем, і ці здольныя мы ўзяць увесь той пакет прапановаў, якія зрабіў Лукашэнка. І калі дэпутаты выкажуцца "за", дык гэта сапраўды значна пашырыць удзел парлямэнту ў эканамічнай, у фінансавай сфэры — ва ўсім жыцьці дзяржавы. А калі выказваць свой пункт гледжаньня, дык лічу, што дэпутаты падтрымаюць гэтыя прапановы, і мы возьмем на сябе функцыі кантролю за бюджэтам нашае дзяржавы, некаторыя кадравыя пытаньні".

(Каліноўскі: ) "Ці можна сказаць, што Вы — чалавек Лукашэнкі на гэтай пасадзе?"

(Папоў: ) "Мне гэтае пытаньне задаюць на працягу трыццаці гадоў — чый я чалавек?.. Я ж працую заўсёды дзеля народа і дабра нашае дзяржавы. У гэтым ніколі не памылісься. Калі робіш справу дзеля інтарэсаў людзей, дык можаш належаць да любое каманды, якая гэтыя погляды падзяляе".

Інтэрвію правёў
Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG