Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Выглядае, што бальшыня дэпутатаў "Палаты прадстаўнікоў" прыйшлі ў парлямэнт зусім не для таго, каб займацца падрыхтоўкаю законаў і разьвязаньнем эканамічных праблемаў. Прынамсі, менавіта ў камісіях эканамічнага й заканадаўчага кірунку жадае працаваць найменшая колькасьць дэпутатаў.

Дзяльба партфеляў і габінэтаў — відавочна, самая важная і адказная справа для дэпутатаў "Палаты прадстаўнікоў". Сёньня ўсю першую палову свайго працоўнага дня яны патрацілі толькі на тое, каб вызначыць колькасьць і назву сталых парлямэнцкіх камісіяў. Вырашылі, што камісіяў будзе 14, а значыць, у сярэднім па 7 чалавек у кожнай зь іх. Пасьля гэтага было праведзена рэйтынгавае галасаваньне, каб даведацца, колькі чалавек жадае працаваць у той ці іншай камісіі.

Як і можна было прадбачыць, найбольшай папулярнасьцю сярод "палатнікаў" карыстаецца міжнародная камісія. Амаль кожны пяты — 19 чалавек — выявілі імкненьне займацца міжнароднымі справамі, гэта значыць, у іхным разуменьні — езьдзіць за мяжу. Няхай сабе з-за непрызнаньня "Палаты" гэтыя паездкі магчымыя толькі ў экзатычныя краіны накшталт Кітаю, Віетнаму, Туркмэністану ды Кубы. Падыйдзе і экзотыка, тым больш што "камандзіровачныя" ў любых краінах аднолькавыя…

Другое месца ў рэйтынгу папулярнасьці сярод дэпутатаў заняла камісія прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі й прадпрымальніцтва. І гэта таксама невыпадкова, улічваючы колькасьць бізнэсоўцаў, якія прайшлі ў "Палату". Наўрад ці яны йшлі для таго, каб чарнець над нудотнымі папраўкамі ў нейкія сацыяльныя законы. Задача больш канкрэтная і простая — лябіяваць інтарэсы пэўных камэрцыйных структураў. А лепш за ўсё рабіць гэта ў адпаведнай профільнай камісіі…

І, нарэшце, найбольш красамоўныя вынікі рэйтынгавага галасаваньня. Толькі два (!) дэпутаты пажадалі працаваць у самай, напэўна, неабходнай і важнай для любога парлямэнту камісіі — заканадаўчай. Гэткі ж найніжэйшы рэйтынг — два чалавекі — маюць бюджэтна-фінансавая і банкаўская камісіі. Так што, як высьвятляецца, заканадаўствам і эканомікаю ў "Палаце прадстаўнікоў" ніхто займацца не жадае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG