Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выпусьціла прэс-рэліз з нагоды патрабаваньня Камітэту ААН супраць катаваньняў неадкладна спыніць катаваньні ў Беларусі.

Беларускі ўрад павінен неадкладна выканаць рэкамэндацыі ААН-аўскага камітэту супраць катаваньняў і спыніць катаваньні.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у апошнія гады вельмі трывожная, зноў стала ў цэнтры міжнароднай увагі, калі 20 лістапада ў другой палове дня ААНаўскі камітэт выклаў свае абагульненьні і рэкамэндацыі пасьля чарговага разгляду сытуацыі ў Беларусі, які адбываецца кожныя чатыры гады.

"Зьвесткі Камітэту што да агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі сьведчаць, наколькі фундамэнтальныя правы чалавека былі растаптаныя ў гэтай краіне. Беларусь павінна зрабіць патрэбныя высновы з вельмі жорсткай, асуджальнай справаздачы Камітэту і зрабіць неадкладныя крокі, каб правы чалавека ізноў сталі прыярытэтам у краіне" – гаворыцца ў прэс-рэлізе Amnesty International.

ААНаўскі камітэт, які знаходзіцца ў Жэнэве, выказаў заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі ад 1992 году, калі адбыўся апошні агляд.

Камітэт заявіў, што ён атрымаў шэраг паведамленьняў аб працягу катаваньняў і нечалавечых паводзінаў сілавых структураў, асабліва ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў уладаў і мірных дэманстрантаў.

Amnesty International атрымала шэраг паведамленьняў аб парушэньнях правоў чалавека, у тым ліку і аб зьнікненьнях вядучых палітычных лідэраў, беспадстаўных затрыманьняў і жорсткага абыходжаньня з дэманстрантамі.

На працягу гадоў Amnesty International дакумэнтавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, якія засталіся без пакараньня. Арганізацыя адзначае, што ў Беларусі ўвайшло ў норму, калі чыноўнікі не рэагуюць на інфармацыю аб катаваньнях і не даводзяць справу да суда над вінаватымі. Да сёньня Amnesty International не вядомы ніводзін выпадак, каб вінаватыя ў катаваньнях былі пакараныя.

"Калі прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка мае надзею выратаваць сапсаваны міжнардны імідж Беларусі ў галіне правоў чалвека, ён павінен неадкладна выканаць рэкамэндацыі Камітэту ААН," – гаворыцца ў заяве Amnesty International.

Камітэт ААН заклікае да стварэньня незалежнай, аб'ектыўнай нацыянальнай камісіі, якая б расьсьледавала ўсе скаргі аб парушэньнях правоў чалавека, і якая б магла эфэктыўна ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

У сваю чаргу Amnesty International вітае рэкамэндацыі Камітэту ААН, якія павінны прывесьці да большай празрыстасьці і адказнасьці беларускіх уладаў, і зрабіць іхныя паводзіны больш адкрытымі да зьнешняга кантролю.

"Безумоўна, няма сумневу, што заклапочанасьць і рэкамэндацыі Камітэту ААН сьведчаць аб тым, што ў Беларусі трэба правесьці шмат працы. Беларускія ўлады павінны разглядаць рэкамэндацыі Камітэту як магчымасьць або нагоду прасунуць краіну наперад і адмовіцца ад заганнай практыкі ў галіне правоў чалавека, якая мела і мае месца ў Беларусі," – гаворыцца ў прэсаым рэлізе Amnesty International.

XS
SM
MD
LG