Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Жэневе Камітэт ААН супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, нечалавечых або прыніжальных кшталтаў абыходжаньня й пакараньня пасьля слуханьня дакладу ад Рэспублікі Беларусь зрабіў свае высновы й прапанаваў рэкамэндацыі.

У сваіх высновах Камітэт ухваліў тое, што "Палата прадстаўнікоў" прыняла закон, які падугледжвае магчымасьць прыезду ў Беларусь групы назіральнікаў з ААН. Гэта дазваляе ўжо ў сакавіку наступнага году зрабіць даклад пра сытуацыю ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Гэта быў адзіны пазытыўны момант, які адзначылі экспэрты Камітэту. Яны крытычна выказаліся наконт 12-га дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, які абмежаваў незалежнасьць адвакатаў. Пры гэтым экспэрты ўказалі на недапушчальнасьць пашырэньня паўнамоцтваў пракуратуры, калі яна сама ажыцьцяўляе нагляд за сваёй дзейнасьцю.

Камітэт раіць зьмяніць становішча ў пэнітэнцыярнай сыстэме — зьвернутая ўвага на перанаселенасьць у мейсцах пазбаўленьня волі, хуткі рост колькасьці хворых на сухоты, негуманная практыка пакараньня праз штрафныя ізалятары.

Зроблена шмат заўвагаў наконт сьмяротнага пакараньня: тут і факты катаваньняў, і адсутнасьць інфармацыі, і нечалавечае стаўленьне да родных асуджанага.

Зьніклыя асобы ды іх родныя прызнаныя ахвярамі катаваньняў.

Экпэрты раяць Беларусі тэрмінова стварыць незалежны мэханізм для разгляду скаргаў пра катаваньні. Гэта можа быць супольная камісія ад урадавых і няўрадавых арганізацыяў. Ёсьць рэкамэндацыі перагледзець некаторыя ўказы, законы й Канстытуцыю Беларусі.

Нэгатыўную рэакцыю ў беларускай дэлегацыі выклікала прапанова Камітэту тэрмінова апублікаваць "Высновы й рэкамэндацыі" ў прэсе. Дэлегаты не пагаджаліся на гэта, матывуючы адмову тым, што Камітэт ня мусіць разглядаць пытаньні, зьвязаныя з прэсаю. Тады Камітэт ААН унёс у высновы заўвагу пра перасьлед свабоды слова ў Беларусі й рэкамэндацыю надрукаваць гэта ў прэсе.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднае Лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык пракамэнтавала высновы Камітэту ААН супраць катаваньняў радыё Свабода такім чынам:

(Фіцпатрык: ) "Я вельмі рада, што экспэрты ахапілі ўсе моманты, якія хвалююць і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, і беларускія. Нас хвалюе лёс палітвязьняў, зьніклых асобаў, а таксама ўмовы ўтрыманьня, ціск на незалежную прэсу й шэраг іншых пытаньняў. Гэта дае нам магчымасьць у далейшым спасылацца на афіцыйныя высновы Камітэту".

Далей спадарыня Фіцпатрык паведаміла:

"…Вядома, магчымасьці ўзьдзеяньня такіх Камітэтаў на сытуацыю ў краіне абмежаваныя. Калі рэкамэндацыі ня будуць выконвацца, дык ААН можа толькі даслаць у краіну нейкую інспэкцыю і зрабіць новы даклад адносна тае ці іншае сытуацыі.

За правы чалавека трэба змагацца ў самой краіне. Мы можам заахвочваць гэтыя сілы, прызнаваць іх. Самі высновы Камітэту ёсьць прызнаньнем іхнае працы, бо тыя рэчы, пра якія казалі праваабаронцы і год, і два, пацьвердзіліся на афіцыйным узроўні. Гэта ўмацоўвае іх, таму што іхная дзейнасьць атрымала прызнаньне", — паведаміла радыё Свабода Кэтрын Фіцпатрык.

XS
SM
MD
LG