Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

На пляц Незалежнасьці выйшлі пацярпелыя ўкладчыкі, што даверылі грошы банку "БелБалтыя". Прастаяўшы крыху менш за гадзіну, пікетоўцы разыйшліся. Нягледзячы на тое, што пікет быў несанкцыяваны, міліцыя ў акцыю ня ўмешвалася.

Увесь мінулы тыдень менскі офіс банку "БелБалтыя" асаджалі пікетоўцы, якія дзеля абяцаных высокіх дывідэндаў даверылі банку свае грошы. Цягам апошніх двух месяцаў банк ня ў стане выплочваць ня толькі адсоткі, але і ўнесеныя сумы. Адметна, што сярод кліентаў "БелБалтыі" шмат заможных асобаў, і замарожаныя сумы дастаткова значныя.

Але дзе шукаць грошы, якія зьніклі — ня ведае практычна ніхто. Перш за ўсё гэта тычыцца вызначэньня "БелБалтыі" як суб'екта гаспадараньня. Як аказалася, супольнае беларуска-латвійскае прадпрыемства зьмяніла свой статус.

Вось што з гэтае нагоды кажа эканамічны дарадца амбасады Латвіі ў Беларусі Яніс Ліўчанс:

"Латвійская "Балтыя" абанкруцілася 5 або 6 год таму, і на нашым рынку яе больш няма. Тое, што ў беларускага банку "БелБалтыя" зараз нейкія праблемы, не залежыць ад латвійскае "Балтыі" ніяк. Я ў некаторых газэтах бачыў абвінавачаньні ў бок латвійскага капіталу — маўляў, супольнае прадпрыемства, акцыі ў латышоў і г.д. Але гэта было раней. Ужо працяглы час, як "Балтыя" абанкруцілася ў Латвіі, і гэтыя суб'екты ня маюць ніякае сувязі", — лічыць эканамічны дарадца латвійскай амбасады ў Беларусі спадар Ліўчанс.

А вось ва ўправе інфармацыі Нацыянальнага банку дагэтуль упэўненыя, што "БелБалтыя" — гэта супольны беларуска-латвійскі банк, які з-за шэрагу абставінаў пакуль ня мае магчымасьці своечасова выплочваць унёскі.

Аднак, як стала вядома з банкаўскіх колаў, цяперашняя сытуацыя вакол "БелБалтыі" — напаўкрымінальная. Нягледзячы на тое, што апошні год банк быў пазбаўлены ліцэнзіі на шэраг асноўных апэрацыяў з валютаю, вялася шырокая рэклямная кампанія на прыцягненьне кліентаў. Сярод цяперашніх банкаўскіх акцыянэраў 30% складаюць фізычныя асобы, астатняя частка прыходзіцца на афшорныя кампаніі, зарэгістраваныя за мяжою. А гэта значыць, пошук гаспадароў вельмі праблематычны. Няма ніякіх зьвестак і пра тое, дзе зараз знаходзіцца кіраўніцтва банка.

Самі ўкладчыкі, бальшыня зь якіх дамагаецца вяртаньня грошай не празь пікеты, а праз напрацаваныя сувязі, маюць свае вэрсіі таго, што адбылося. Адзін з тых, каго я сустрэў у офісе "БелБалтыі" на Прывакзальным пляцы, сказаў, што правёў уласнае расьсьледваньне й даведаўся, што большасьць банкаўскіх актываў у свой час была пераведзеная за мяжу. Але спадзяваньні на хуткую аддачу не спраўдзіліся. Перавод сродкаў назад немагчымы. Таму ў выніку кліенты аказаліся ня толькі без дывідэндаў, але й без сродкаў наогул.

Сёньня стала вядома, што Нацыянальны банк Беларусі пачаў рыхтаваць дакумэнты на ўзбуджэньне справы ў банкруцтве банку "БелБалтыя".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG