Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня ў сваёй прамове перад дэпутатамі распавёў пра тыя паўнамоцтвы, якія ён, нібыта, гатовы аддаць «Палаце прадстаўнікоў». Як высьвятлілася, аніякага рэальнага пашырэньня паўнамоцтваў «Нацыянальнага Сходу» не прадбачыцца. Да таго ж Лукашэнка зноў падкрэсьліў, што да прэзыдэнцкіх выбараў ніякія зьмены ў Канстытуцыю ня будуць уносіцца.

Сёньня ў Менску распачалася першая сэсія гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» другога скліканьня. Перад дэпутатамі выступіў Аляксандар Лукашэнка.

Бадай, найбольш прыкметнай тэмай ягонае прамовы стала праблема пашырэньня паўнамоцтваў «Нацыянальнага Сходу» — нелегітымнага беларускага «парлямэнту», не прызнанага міжнароднай супольнасьцю. Кіраўнік дзяржавы адразу адзначыў, што пытаньне гэтае няпростае і не павінна прывесьці да парушэньня балянсу паміж рознымі галінамі ўлады. Калі ж Аляксандар Лукашэнка агучыў свае прапановы, стала відавочна, што ні пра якое істотнае пашырэньне паўнамоцтваў размовы ня йдзе.

Аляксандар Лукашэнка згадзіўся перадаць «Нацыянальнаму сходу» тыя правы, якія і так мае кожны парлямэнт у сьвеце. Гэта права на кантроль за выкананьнем законаў, за выкананьнем бюджэту і за рэалізацыяй асноўных кірункаў замежнай і ўнутранай палітыкі.

Другая група новых паўнамоцтваў тычыцца магчымасьці заслухоўваньня на паседжаньнях «Палаты прадстаўнікоў» шэрагу службовых асобаў: генэральнага пракурора, старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю. Тут, аднак, Лукашэнка, палічыў патрэбным асабліва падкрэсьліць, што гэта ні ў якім разе ня зьменіць «прыроду ўлады» — генэральны пракурор, як і іншыя вышэйшыя службовыя асобы, па-ранейшаму застанецца падпарадкаваны выключна прэзыдэнту краіны.

Распавёўшы пра ўсе гэтыя прапановы, Аляксандар Лукашэнка асабліва адзначыў, што яны не супярэчаць Канстытуцыі, хаця й «будуць новай інтэрпрэтацыяй некаторых яе артыкулаў». «Зьмяняць Канстытуцыю ў гэты выбарчы год нельга», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Вось як ацэньвае сутнасьць прапановаў Аляксандра Лукашэнкі дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Тое, што ідзе размова пра перадачу некаторых паўнамоцтваў, пра пашырэньне паўнамоцтваў "палаты прадстаўнікоў", гэта зноў спроба з боку Аляксандра Лукашэнкі заігрываць з Захадам. Таму што Захад як ставіў чатыры ўмовы прызнаньня выбараў дэмакратычнымі і справядлівымі, так ён і пакінуў гэтыя ўмовы. Я думаю, што яшчэ наперадзе распрацоўка большай дэталізацыі гэтых патрабаваньняў, таму што ніводнай з гэтых умоваў ён ня выканаў. А гэта адна з самых галоўных умоваў. Калі парлямэнт завецца парлямэнтам, ён павінен мець адпаведныя паўнамоцтвы. Калі ён не парлямэнт, а частка адміністрацыі прэзыдэнта, тады ён не завецца парлямэнтам. І таму ўсё тое, што там абяцалася, гэта ўсё дзіцячы садок. Тое, што генэральны пракурор будзе рабіць справаздачу перад кіраўніком дзяржавы і парлямэнтам – а калі парлямэнт ня мае права прызначыць ці зьняць яго ці яшчэ нейкія крокі зрабіць у дачыненьні яго, дык што гэта за справаздача?"

(Карэспандэнт: ) "Такое ўражаньне, што парлямэнту Лукашэнка даў магчымасьць больш слухаць, але ня даў права нешта вырашаць…"

(Нісьцюк: ) "Я з Вамі згодны. Галоўнае паўнамоцтва – удзельнічаць. Але нічога не вырашаць. Гэты алімпійскі прынцып "не перамагчы, але ўдзельнічаць" для беларускай палітыкі стаў асноўным. Ізноў гэтыя 97 чалавек, якія зараз пачынаюць працу, яны нічога ня могуць вырашаць. Яны ўдзельнічаюць, дэманструюць, а па вялікім рахунку яны зараз выконваюць ролю дэкарацыі ці ролю статыстаў у тэатры аднаго актора. Як было, так усё і засталося".

Варта дадаць, што, нават калі б Аляксандар Лукашэнка ўсур'ёз захацеў перадаць «парлямэнту» частку сваіх паўнамоцтваў, дык ён стаў бы закладнікам сваёй жа Канстытуцыі 96-га году. Зьмены ў асноўныя палажэньні гэтае Канстытуцыі можна ўносіць толькі шляхам усенароднага рэфэрэндуму.

XS
SM
MD
LG