Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 лістапада 2000 г.


Алесь Жукоўскі, Віцебск

Палітычны Віцебск ня сьпіць: учора з 12 да 13 гадзінаў сацыял-дэмакраты з Народнай грамады пад эгідай Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў праводзілі свой пікет з праграмы акцыяў супраць галечы і нізкіх заробкаў.

Міліцыя ў пікеце ня ўдзельнічала, то бок яе не было зусім. Напэўна, замест яе прыйшлі два старыя, якія ваяўніча заявілі, што яны з камуністычнай партыі і супраць нацыяналістаў і прапанавалі свае газэты. Па сто рублёў. На пытаньне, зь якой яны партыі, Чыкіна ці Калякіна, адказалі, што з партыі Ніны Андрэевай, і кіраўніцтва іхняе, цытую, у Ленінградзе.

Сацыял-дэмакратаў на пікеце было каля пятнаццаці чалавек. Моладзь прапанавала свой варыянт улёткі з красамоўным аналізам становішча раней, зараз і прагнозам на будучыню, пад якім рытарычна напісалі "Церпім?". На адвароце — дадзеныя пра Эстонію на 98-мы, 99-ы і 2000 год, дзе ўражвае лічба сярэдняга заробку ў 262 даляры і пэнсіі ў 88. Па гэтыя дадзенымі Маладыя сацыял-дэмакраты зьвярталіся непасрэдна ў эстонскую амбасаду.

Людзі на прыпынку, атрымліваючы матэрыялы, пачыналі лаяцца на ўладу, завязваць паміж сабой дыскусіі і пераконваць адно аднаго, што, як і напісана ў плякатах, "Далей так жыць немагчыма!". Жанчына, адказваючы на плякат "Галодны настаўнік вучыць ня можа!" выправіла адну граматычную памылку і падкрэсьліла, што можа. Ён можа вучыць сваёй галечай.

Кімсьці з прыпынку прапаноўвалася зараз жа ісьці бурыць катэджы намэнклятуры. Са зьдзіўленьнем людзі чыталі аб'яву непасрэдна сярод плякатаў: "Каму патрэбныя інвалідныя каляскі, тэлефанаваць па: нумары". Высьветлілася, што зараз на мытні стаіць грузавік з гуманітарнай дапамогаю якраз у выглядзе гэтых мэдычных прыстасаваньняў.

У фінале да пікетоўцаў падыйшоў стары дзядок і падумаўшы, сказаў: "Я ведаю чаму так дрэнна. Ніхто ня едзе працаваць у калгас!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG