Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 лістапада 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША і цяжкасьці з вырашэньнем, хто з двух кандыдатаў канчаткова перамог, адсунулі на другі плян пытаньне будучага Кангрэсу ЗША. Тым часам, гэтак як амаль дакладна напалову падзяліліся галасы паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты, гэтак амаль напалову падзяліся мейсцамі ў Кангрэсе ЗША дэмакратычная і рэспубліканская партыі. Такая сытуацыя вельмі неспрыяльная і для новага прэзыдэнта ЗША, і для самога 107-га Кангрэсу ЗША, якому пагражае палітычны тупік, і якому цяжка будзе ўхваліць любы заканадўчы акт…

Кангрэс ЗША скдадаецца зь дзьвюх палатаў. Ніжняя Палата прадстаўнікоў налічвае 435 мейсцаў, а вышэйшая – Сэнат, 100 мейсцаў.

Сябры ніжэйшай палаты абіраюцца на два гады, а вышэйшай – на сем гадоў. У абноўленай на мінулым тыдні Палаце прадстаўнікоў рэспубліканцы маюць большасьць, 221 мейсца, а дэмакраты – 212-ць мейсцаў. Два астатнія мейсцы займаюць незалежныя кандыдаты.

У Сэнаце на мінулым тыдні былі 34 вакантныя мейсцы, і ўсе яны, акрамя аднаго сэнатара са штату Вашынгтон, былі занятыя.
З прычыны невялікай розьніцы галасоў у гэтым штаце паміж рэспубліканцам Слэйдам Гортанам і дэмакраткай Марыяй Кантуэл падлік галасоў зацягнуўся.

Такім чынам, калі Гортан пераможа, рэспубліканцы будуць мець у Сэнаце 51-о мейсца са ста. Калі пераможа ягоная канкурэнтка, тады месцы ў Сэнаце будуць падзеленыя паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі роўна папалам.

Калі прэзыдэнтам стане рэспубліканец Джордж Буш, тады ягоны напарнік, віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні зможа сваім голасам пераважыць любое важнае галасаваньне на карысьць рэспубліканцаў.

Калі дэмакрат Гор будзе прэзыдэнтам, дык віцэ-прэзыдэнт Джо Лібэрман, які балятаваўся і на пасаду віцэ-прэзыдэнта, і адначасова ад штату Канэктыкут – у сэнатары, страціць сваё мейсца ў Сэнаце. Тады губэрнатар штату Канэктыкут – рэспубліканец, прызначыць сэнатара, і не падлягае сумневу, што гэта будзе свой чалавек.

Паводле Дэйвіда Нэйдэра, аглядальніка з тыднёвіка Кангрэсу, апошні раз па роўну дзьве партыі падзяліліся мейсцамі ў Кангрэсе 47гадоў таму, але каб гэта супала з аналягічнай сытуацыяй на прэзыдэнцкіх выбарах, дык такое здарылася ўпершыню.

Прафэсар Вашынгтонскага Ўнівэрсытэту Дэйвід Люблін заявіў нашаму радыё, што ў бліжэйшыя два гады і дэмакрататаў і рэспубліканцаў чакае нешта накштал " гандлёвай вайны".

(Люблін:) "Я думаю, што мы пабачым у Кангрэсе глыбокі падзел і жорсткае супрацьстаяньне паміж дзьвюма партыямі, але ўрэшце дэпутаты будуць вымушаныя супрацоўнічаць, каб прымаць законы".

З прафэсарам Люблінам згодны палітычны аглядальнік Дэйвід Сэмяцін, які прадбачыць у 107 Кангрэсе нешта накшталт
" транспартнага затору". Абодва яны зьвяртаюць увагу на тое, што хто б ні стаў наступным прэзыдэнтам, яму цяжка будзе прасунуць праз Кангрэс любую сваю заканадаўчую ініцыятыву, зь якімі яны маюць права выступаць.

І аднаму і другому будзе вельмі цяжка выканаць іхныя перадвыбарчыя абяцаньні. Рэспубліканец Буш, сярод іншага, абяцаў скарачэньне падаткаў у фэдэральную казну, а дэмакрат Гор – паляпшэньне мэдычнай апекі, сацыяльнага і пэнсыйнага забясьпячэньня.

Справа ў тым, што Палата прадстаўнікоў распараджаецца бюджэтнымі сродкамі і бяз яе прэзыдэнт не атрымае грошай на ніводную праграму. Са свайго боку, Сэнат мае канстытуцыйнае права ўхваліць альбо адкінуць кандыдатуры ўрадавых чыноўнікаў, судзьдзяў, ды іншых цывільных і вайсковых кіраўнікоў.

Дэйвід Люблін лічыць, што рэспубліканцы апынуліся ў горшай сытуацыі, нават калі прэзыдэнтам будзе Джордж Буш.

(Люблін:)" Намінальна яны маюць большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу, і ў іх нядрэнны шанец мець прэзыдэнта ад сваёй партыі. Такім чынам, іх чакае адказнасьць, але без рэальнай улады, паколькі іхная перавага замалая для поўнага кантролю над абедзьвюма палатамі Кангрэсу. Вельмі цяжка ўхваліць нейкі законапраект, калі большасьць у ніжняй палаце складае 5-ць мейсцаў, і два мейсцы альбо ніводнага – ў сэнаце".

Хаця Дэйвід Люблін прадбачвае жорсткае супрацьстаяньне ў Кангрэсе, з другога боку ён ня ўпэўнены, што такая сытуацыя мусіць абавязкова стацца трагедыяй для краіны. Выбаршчыкі ня любяць спрэчак ў парлямэнце, а кангрэсмэны добра памятаюць, што наступныя выбары ўжо праз два гады.

XS
SM
MD
LG