Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 лістапада 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёлета 26 лістапада споўніцца 70 гадоў зь дня нараджэньня пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Сёньня з гэтай нагоды ў віцебскім кінатэатры Спартак распачаўся паказ фільмаў паводле ягоных твораў.

Сьціплымі будуць і астатнія імпрэзы з нагоды юбілею, якія паводле традыцыі праводзяцца ў Віцебску й Воршы.
У Воршы – таму што там Уладзімер караткевіч нарадзіўся й правёў свае маладыя гады. А ў Віцебску – хіба, таму што тут заўсёды ёсьць тыя, на каго афіцыйныя ўлады гатоўна перакладаюць свае абавязкі ва ўшанаваньні памяці славутага земляка.

Перадусім, гэта вабласная філія Саюзу пісьменьнікаў ды калектыў Акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа. Далучыць сюды яшчэ безадмоўных бібліятэчных супрацоўнікаў – ды можна быць спакойным, што Караткевіцкія сьвяты неяк адбудуцца.

Калі ў Віцебску сьвяткаваньні толькі распачынаюцца, дык у Воршы сёлета мае адбыцца выключная паводле сваёй адметнасьці падзея: адкрыцьцё музэю Караткевіча.

Музэй плянавалася адчыніць яшчэ чатыры гады таму. Тры гады таму была ўрачыста адкрытая шыльда на ім. І той выпадак дагэтуль узгадваюць колішнія госьці Сьвята беларускага пісьменства ў Воршы.

Сёлета варшанскія ўлады добра ўсьведамляюць, што далей цягнуць з адкрыьцём ужо не выпадае, бо сорамна.

Але грошай у гарадзкім бюджэце мала. Таму дырэктарка музэю Іна Байкова, якая сама атрымлівае з таго самага бюджэту заробак у 18 тысячаў рублёў, упарта шукае спонсараў. Але за ўсе апошнія гады на ейныя просьбы адгукнуцца толькі акцыянэрнае таварыства Меркам, якое трымае ў Воршы сетку крамаў, ахвяравала ажно…10 тысячаў рублёў. Яшчэ 30 тысячаў перадала ў музэй Віцебская каардынацыйная рада дэмиакратычных сілаў. І гэта ўсё.

Дарэчы, музэй Караткевіча ствараецца ў будынку былога радзільнга дому, дзе 70 год таму пісьменьнік зьявіўся на сьвет.
Кажуць, яшчэ ў свае школьныя гады Карапткевіч зазначыў, што менавіта тут будзе ягоны музэй.

XS
SM
MD
LG