Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Улады Смаргоні не пакідаюць спробаў ліквідаваць самае масавае недзяржаўнае выданьне рэгіёну — "Новую газэту Смаргоні". Учора быў арыштаваны рахунак газэты, сёньня прадстаўнікі падатковай інспэкцыі спрабавалі апісаць маёмасьць рэдакцыі.

Сёньня супрацоўнікаў рэдакцыі "Новае газэты Смаргоні", якія прыйшлі на працу, сустракалі прадстаўнікі мясцовай падатковай інспэкцыі. Яны паведамілі, што будуць апісваць маёмасьць. Галоўнай бугальтаркі рэдакцыі Натальлі Клімянюк быў прад'яўлены чарнавы варыянт акту праверкі, паводле якога галоўны рэдактар выданьня Рамуальд Улан нібыта схаваў ад дзяржавы прыбытак — каля 10 тысячаў даляраў.

Інспэктары прапанавалі спадарыні Клімянюк падпісаць гэты акт, пратакол арышту рахунку газэты й не перашкаджаць вопісу маёмасьці. (Рахунак выданьня быў арыштаваны яшчэ ўчора). Аднак бугальтарка заявіла, што без галоўнага рэдактара, які цяпер у замежнай паездцы, яна нічога падпісваць ня будзе й папрасіла інспэктараў пакінуць памяшканьне. Інспэктары заявілі, што прыйдуць пазьней і ўсё роўна зробяць сваю справу.

Начальнік аддзелу Смаргонскай падатковай інспэкцыі Віталь Лось паведаміў нашаму радыё, што ягоныя падначаленыя выконваюць пастанову вабласной інспэкцыі.

Супрацоўнікі рэдакцыі "Новае газэты Смаргоні" не сумняюцца, што арышт іх рахунку й маёмасьці ёсьць спробаю ўладаў зьнішчыць незалежнае выданьне. (Газэта выходзіць накладам 9 тысячаў асобнікаў і ёсьць самай папулярнай у рэгіёне). Гаворыць рэдактарка выпуску "Новае газэты Смаргоні" Аліна Суравец:

"Фактычна ўвесь час існаваньня газэты (гэта чатыры з паловаю гады) яна выклікала раздражненьне мясцовае ўлады тым, што падавала падзеі ня так, як хацелася б уладам. А ў пэрыяд перадвыбарчае кампаніі гэтае незадавальненьне ўзмацнілася. І вылучэньне Рамуальда Ўлана ў кандыдаты выклікала моцнае раздражненьне мясцовых уладаў, ды мела наступствам цэлы шэраг санкцыяў", — паведаміла нашаму радыё Аліна Суравец.

У жніўні, мясцовая пракуратура вынесла газэце два папярэджаньні за артыкулы, у якіх распавядалася пра схэмы адмываньня "брудных" грошай і пра афэры ў дзіцячым летніку. Рэдакцыйны калектыў разам з Цэнтрам праўнае дапамогі СМІ пры Беларускай Асацыяцыі журналістаў абскардзіць дзеяньні падаткавай інспэкцыі ў пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG