Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Пад час нядаўняга наведваньня гістарычна-культурнага парку ў Лошыцы кіраўнікі гораду выказалі меркаваньне наконт магчымасьці адкрыцьця ў былым маёнтку пункту грамадзкага харчаваньня. Выратуе гэта гістарычную мясьціну або канчаткова зьнішчыць яе?

Стылізаваныя пад даўніну рэстарацыі, што працуюць пад дахамі гістарычных будынкаў, — даволі звычайная ў Эўропе зьява. У Беларусі нешта аналягічнае не прыжылося, бадай, толькі таму, што большасьць старых збудаваньняў зьнішчаныя войнамі або камуністычнай безгаспадарчасьцю.

Лошыцкі маёнтак знакамітага на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў, і як сьцьвярджаюць гісторыкі, самага экзатычнага менскага памешчыка пана Любанскага — адная з рэдкіх у Менску мясьцінаў, што захавалі першапачатковае аблічча. Які лёс чакае маёнтак у выпадку рэалізацыі, так бы мовіць, "харчовага" праекту Менскага гарадзкога выканкаму, прагназуе намесьнік дырэктара садова-паркавае гаспадаркі "Лошыца" Яўген Церахаў…

(Церахаў: ) "Рэч у тым, што гэта, так бы мовіць, палка з двума канцамі – гэтая рэстарацыя. З аднаго боку, гэта можа ператварыцца ў звычайную выпівалаўку нашую. Можа быць і іншая рэстарацыя, дзе будзе зьбірацца нашая інтэлігенцыя, дзе ўсё будзе зробленае культурна, як было ў гэтых панскіх салёнах. Можа быць і вельмі нешта адмоўнае, і нешта вельмі станоўчае. І сам факт, што гэта прапаноўваецца і можа стварыцца, можа павярнуцца ў любы бок".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Церахаў, а якія менавіта Вы бачыце першачарговыя захады ў пытаньні аднаўленьня панскага фальварку?"

(Церахаў: ) "На мой погляд, тут трэба спачатку рабіць музэіфікацыя гэтага комплексу, пачынаць работу сацыяльнага выкарыстаньня парку і як працяг музэіфікацыі парку – можна думаць пра арганізацыю розных формаў харчаваньня. Усё будзе залежыць ад таго, што будзе пакладзена ў галаву ўгла. Ці аднаўленьне культурнага асяродку і рэстаўрацыя вось культуры харчаваньня ў Беларусі, ці атрыманьне прыбытку. Ад гэтага залежыць справа".

Адзіны капітальны рамонт маёнтка быў зроблены пад час вайны немцамі, калі будынак быў выбраны для лецішча гаўляйтэра Кубэ. З тае пары ніякіх рэстаўрацыяў не было. Да нядаўняга часу шматлікія пабудовы выкарыстоўваліся пад жытло і, як сьцьвярджаюць жыхары суседніх шматпавярховак, менавіта гэтыя, у большасьці сваёй ня вельмі ахайныя кватаранты давялі памяшканьні да жахлівага стану.

Пакуль пэрспэктывы занядбанага комплексу па-ранейшаму неакрэсьленыя, паркавая гаспадарка нясе страты. Цягам 98–99-га гадоў шэраг пабудоваў на тэрыторыі Лошыцкага парку, якія па нейкіх невядомых прычынах ня трапілі ў рысу аховы ў якасьці помнікаў гісторыі, былі зьнішчаныя або перапрафіляваныя. Згарэлі стайня і сьвіран, прададзена камэрсантам кузьня, бульдозэрам зруйнаваны шэраг дробных, як запісана ў адпаведным акце — "функцыянальна нямэтазгодных аб'ектаў". Не лепшым чынам адбіваецца суседзтва са шматлікімі фірмамі, якія месьцяцца побач і якіх не цікавяць гістарычныя карані Лошыцы…

XS
SM
MD
LG