Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У калгасах Гарадзеншчыны зноў ня плацяць грошай за працу. Няма чым. 512 мільёнаў рублёў—такая запазычанасьць перад калгасьнікамі…

Варта ўзгадаць, што менавіта на Гарадзеншчыне — у Лідзкім раёне Аляксандр Лукашэнка ўзьняў шум з заробкамі. Маўляў, каб нядобрыя начальнікі тэрмінова ўсё сплацілі працоўным. А ён --Лукашэнка - пракантралюе. Прычым, ва ўсёй краіне. Было гэта пад час жніва. Запазычанасьць па заробках у вобласьці тады сапраўды была велізарнай - амаль 4 мільярды рублёў. Большая частка сумы прыпадала якраз на калгасы.

Аблвыканкам імкнуўся як найхутчэй адрапартаваць, што даўгоў па заробках больш няма. Усіх вымушалі браць крэдыты для выплаты грошай. Цікава, аднак, што ў самім Лідзкім раёне нават да канца верасьня ня здолелі скасаваць запазычанасьць менавіта ў большасьці калгасаў. За гэта 9 старшыняў былі пакараны, як асобы, якія "ня выканалі адказнае даручэньне Лукашэнкі".

Цяпер жа, у параўнаньні зь верасьнем, запазычанасьць па заробках у вобласьці павялічылася болей, як у 100 разоў! Заробкі ня выплачаны у 80-ці калгасах. Грошы не атрымалі амаль 20 тысяч чалавек. Гэта--каля 18 працэнтаў ад усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі вобласьці. 512 мільёнаў рублёў ня выплацілі калгасьнікам. А яшчэ некалькі мільёнаў--рабочым.

Атрымліваецца, што гарадзенскія ўлады зноў "ня выканалі адказнае даручэньне" Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG