Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(эфір 14 лістапада)
У Горадні адбыліся першыя суды над удзельнікамі нядзельнай акцыі «Моладзь патрабуе пераменаў». Два зь іх, студэнт Дзяніс Міхальчык і рабочы Сяргей Клімук атрымалі штрафы — кожны па 30 мінімальных заробкаў. Або па 108 тысячаў рублёў, як удакладніў судзьдзя Сяргей Ярашэвіч.

Пад час нядзельнай акцыі ў Горадні міліцыяй былі затрыманы 15 чалавек. Тры з іх аказаліся непаўнагадовыя. На астатніх былі складзены пратаколы за ўдзел у недазволеным пікеце. Бальшыню міліцыянты адпусьцілі, але чатырох пакінулі нанач за кратамі. Гэта Сьвятлана Нех, Андрэй Мялешка, Андрэй Мельнікаў і Алесь Лашкоўскі. У панядзелак іх даставілі пад вартаю ў Ленінскі суд гораду. Туды прыйшлі і ўсе астатнія ўдзельнікі акцыі, якія былі затрыманыя ў нядзелю.

Учора, аднак, да судоў не дайшло. Цэлы дзень судзьдзі цягнулі, выпісвалі позвы, нешта ўдакладнялі. Сёньня ў першай палове дня пачаліся судовыя разборы. Аднак даты паседжаньняў былі перанесеныя ў дачыненьні да трох з затрыманых, якія запатрабавалі ўдзелу адваката й перакладчыка.

Справы яшчэ дзьвюх дзяўчат-студэнтак былі разгледжаныя. Гэта — Алена Машкала ды Іна Мялешка. Прысуды адносна іх будуць абвешчаны заўтра ўраніцу. Прысуд яшчэ адной студэнтцы — Вользе Івановай будзе зачытаны толькі 21 лістапада. Усе гэтыя справы разглядаў судзьдзя Дзьмітры Дземчанка.

У другой палове дня дзьве наступныя справы пасьпеў разгледзець судзьдзя Сяргей Ярашэвіч. Ён прызнаў, што Дзяніс Міхальчык і Сяргей Клімук вінаватыя ва ўдзеле ў недазволеным пікеце. Прысуд — па 108 тысячаў рублёў кожнаму.

Наступным быў Алесь Лашкоўскі, які хадайнічаў, каб удзельнічалі адвакат і перакладчык. Наконт адваката судзьдзя згадзіўся. Што да перакладчыка, дык ён запатрабаваў, каб Алесь прынес свой школьны атэстат — каб высьветліць, ці вывучаў ён у школе расейскую мову, а калі вывучаў, дык якую меў адзнаку…

Прысутных у залі гэта па-сутнасьці абурыла. Спадар Ярашэвіч запатрабаваў, каб тут жа быў складзены пратакол аб нібыта зьнявазе суда з боку Аляксандра Міхальчыка, які прыйшоў падтрымаць моладзь, якую сёньня судзілі. Пратакол быў складзены.

Справа Алеся Лашкоўскага будзе разглядацца заўтра ўраніцу.

XS
SM
MD
LG