Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў Горадні працягваліся суды над удзельнікамі акцыі "Моладзь патрабуе пераменаў", якая адбылася 12 лістапада.

У першай палове дня былі зачытаныя прысуды для дзьвюх студэнтак, суды над якімі адбыліся яшчэ ўчора. Іна Мялешка атрымала толькі папярэджаньне, а Алена Машкала—20 мінімалак штрафу. Гэта былі прысуды судзьдзі Дзьмітрыя Дземчанкі – у пэўнай ступені лібэральнага ў параўнаньні з Сяргеем Ярашэвічам, які ўчора адразу пачаў з двух штрафаў па 30 мінімалак.

Сёньня сп-р Ярашэвіч пасьпеў разгледзець яшчэ тры справы. Вынікі такія. Беспрацоўная Натальля Капцевіч атрымала 20 мінімалак штрафу. Гэта – 72 тысячы рублёў. Наступнай была студэнтка Вольга Філіповіч. Ёй судзьдзя вынес толькі папярэджаньне, улічваючы, па яго словах, сардэчнае раскаяньне. Хаця раскаяньня не было, дзяўчына папросту прызнала, што ўдзельнічала ў пікеце. Яна трымала бяскрыўдны плякат з адным толькі словам: "Пераменаў".

Прадстаўнік Гэльсынскага камітэту Аляксандр Антанюк зьвярнуў увагу судзьдзі на канстытуцыйнае права грамадзянаў выказваць свае погляды і на тое, што Беларусь падпісала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. "Калі судзіць за гэткі бяскрыўдны плякат, дык Беларусь будзе кепска выглядаць у наступным годзе, калі ёй давядзецца рабіць справаздачу аб стане з правамі чалавека ў краіне," – зазначыў сп-р Антанюк. Гэты выступ мог станоўча паўплываць на рашэньне суда.

Аднак наступным прысудам зноў быў штраф. 25-гадовы Андрэй Мельнікаў, які трымаў сьцяг Маладой Грамады, павінен будзе сплаціць 20 мінімальных заробкаў штрафу.

XS
SM
MD
LG