Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Жэневе ў Камітэце ААН супраць катаваньняў слухаўся пэрыядычны даклад Рэспублікі Беларусь. Сытуацыю ў краіне прадстаўляў афіцыйны дакладчык зь Менску.

У сваім дакладзе Беларусь паінфармавала ААН пра зьмены ў нацыянальным заканадаўстве і ў практыцы выкананьня зь верасьня 1992 году па красавік 1999 сваіх абавязкаў у межах Канвэнцыі супраць катаваньняў.

У афіцыйным дакладзе паведамляецца, што "нацыянальнае заканадаўства Беларусі не зьмяшчае вызначэньня такога паняцьця, як "катаваньне", але агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дамоўленасьцяў зьяўляюцца часткай беларускага заканадаўства".

Акрамя таго, аўтары дакладу спасылаюцца на 25 артыкул Канстытуцыі 96 году, які прадугледжвае, што ніхто ня можа быць катаваны ці быць бяз згоды аб'ектам мэдычных досьледаў. Аўтары называюць 4 артыкулы Крымінальнага Кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за перавышэньне ўлады з ужываньнем катаваньняў ці зьдзекаў зь людзей, а таксама падаюць зьвесткі, колькі асобаў было пакарана. Калі ў 92-м годзе іх было 26, то ў 98-м – 58 чалавек. І ніякіх лічбаў ці прыкладаў: як забясьпечваецца прадухіленьне катаваньняў на практыцы.

Між тым шмат беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў маюць сотні фактаў зьдзекаў і катаваньняў у Беларусі. Дакладчык сп.Анушчанка мусіў адказваць на ўсе пытаньні экспэрта Камітэту ААН Фэліс Гэйер. Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі правоў чалавека пры ААН Кэтрын Фітцпатрык паведаміла радыё "Свабода":

(Фітцпатрык: ) "Даклад вельмі няпоўны. Там папросту цытуюцца агульныя нормы і абавязкі. Звычайна краіны-удзельніцы распавядаюць, як яны выконваюць пакты і законы, цытуюць нейкія судовыя справы. У кожнай краіне бываюць выпадкі катаваньняў – і ў Грэцыі, і ў ЗША, і ў Беларусі. Але ў Беларусі іх значна больш. У дакладзе няма нічога пра тое, як праваахоўчая сыстэма прадухіляе гэта. Таму, натуральна, экспэрты будуць задаваць пытаньні менавіта ў гэтым накірунку.

Пытаньні беларускаму боку будзе ставіць спэцдакладчык і старшыня Камітэту ААН. Мы далі свае зьвесткі пра катаваньні: гэта справы палітвязьняў Клімава, Кудзінава, Чыгіра, зьбіцьцё дэманстрантаў, а таксама затрыманьні і зьбіцьцё дзяцей у часе апошняй моладзевай акцыі, дзедаўшчына ў арміі, становішча ў спэцшколах і дамах для састарэлых.

Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бацькі, жонкі і дзеці зьніклых людзей лічацца ахвярамі катаваньняў з-за становішча, у якое яны патрапілі. Самі зьніклыя – таксама ахвяры катаваньня. Камітэт будзе разглядаць справы Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Зьміцера Завадзкага і задаваць пытаньні".

Далей Кэтрын Фітцпатрык паведаміла: "Трэба адзначыць, што экспэрты – прадстаўнікі розных краінаў, таму нельга казаць, што іхнае заключэньне будзе палітызаваным. Краіна-удзельніца павінна выконваць рэкамэндацыі экспэртаў. У выпадку іх невыкананьня, з боку ААН будзе ўжыты ціск на рэжым Лукашэнкі. Нас абураюць выказваньні Лукашэнкі пра зьніклых людзей, а тое, што ўчора ён назваў Паўла Шарамета выкрадальнікам Зьміцера Завадзкага – гэта зьдзек з асобы".

Экспэрты разьлічваюць не раней, як праз два дні распачаць падрыхтоўку заключэньня і рэкамэндацыяў Камітэту ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG