Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньняшні дзень можа прынесьці хаця б папярэдні адказ на пытаньне, хто ўсё ж атрымаў перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.

Учора высокапастаўлены чыноўнік штату Флярыда Кэтрын Гарыс заявіла, што ўсе 67 выбарчых акругаў штату мусяць прадставіць канчатковыя дадзеныя пра вынікі галасаваньня ў межах Флярыды ў аўторак увечары. Пасьля гэтага тэрміну, паведаміла сп. Гарыс, будуць улічвацца толькі галасы, пададзеныя жыхарамі штату, якія прагаласавалі за мяжою.

Рашэньне, аб'яўленае Кэтрын Гарыс, выклікала жорсткія пратэсты прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі. Справа ў тым, што на патрабаваньне дэмакратаў у чатырох акругах штату ў панядзелак распачаўся пералік галасоў уручную. На мінулым тыдні пералік галасоў на асобных участках выявіў разыходжаньні з папярэднімі дадзенымі. Яны ня надта вялікія – некалькі дзесяткаў галасоў, але менавіта гэтыя галасы могуць стаць вырашальнымі.

Нагадаем, што паводле закону пераможца ва Флярыдзе атрымлівае 25 галасоў у калегіі выбаршчыкаў. Пакуль Гор у папярэдніх падліках мае ў калегіі 262 галасы, Буш - 246, для перамогі патрэбныя 270. Так што той, хто атрымае дадаткова 25 галасоў флярыдзкіх сябраў калегіі выбаршчыкаў, стане 43-м прэзыдэнтам Амэрыкі.

Перадвыбарчы штаб Джорджа Буша паспрабаваў аспрэчыць рашэньне пра пералік галасоў уручную ў чатырох акругах праз суд. Рэспубліканцы тлумачылі сваю пазыцыю тым, што ручны пералік супярэчыць Канстытуцыі і спараджае непазьбежныя новыя памылкі. Але фэдэральны судзьдзя Флярыды адхіліў просьбу рэспубліканцаў.

Аднак, рашэньне, агучанае ўчора Кэтрын Харыс, пазбавіла пералік галасоў уручную усялякага сэнсу: толькі ў акрузе Палм-Біч трэба пералічыць паўмільёны бюлетэняў, што фізычна немагчыма зрабіць да сёньняшняга вечара. Дэмакраты заявілі, што будуць аспрэчваць пастанову Кэтрын Харыс таксама праз суд.

Газэта Los Angeles Times паведамляе, што прыхільнікі Буша і Гора абмяркоўваюць кампрамісны варыянт, які палягае ў тым, што дэмакраты адмовяцца ад судовых працэсаў, калі рэспубліканцы пагадзяцца на пералік бюлетэняў уручную ва ўсіх 67-мі выбарчых акругах Флярыды.

XS
SM
MD
LG