Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Cкончыла сваё існаваньне гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" першага скліканьня. Апошняе паседжаньне доўжылася ўсяго паўгадзіны ды складалася толькі з прамовы сьпікера Анатоля Малафеева.

Усяго пяць журналістаў прыйшло сёньня ў парлямэнцкі прэсавы цэнтар, каб паслухаць апошняе паседжаньне "першае палаты". Менавіта паслухаць, бо тэлеманіторы, якія паказвалі выступоўцаў у Вярхоўным Савеце, з гэтага пакою зьніклі адразу пасьля рэфэрэндуму 1996 году.

Акрамя адсутнасьці манітораў ды цікаўнасьці прадстаўнікоў прэсы, з журналісцкага пункту гледжаньня чатыры гады існаваньня гэтае "палаты" характарызываліся ейнаю поўнаю несамастойнасьцю, пачынаючы ад распрацоўкі законапраектаў толькі выканаўчай уладаю і сканчаючы тым, што нават у кулюары залі паседжаньняў, калі ў "палаце" зрэдку прамаўляў Аляксандар Лукашэнка, патрэбна было акрэдытоўвацца ў прэсавай службе Лукашэнкі.

У сваёй разьвітальнай прамове сьпікер палаты Анатоль Малафееў нібы апраўдваўся:

(Малафееў: ) "Хто б што ні казаў, як бы нас ні называлі – "палатачнікамі, часовымі, кішэнным парлямэнтам" ды ўсім іншым, — гэта палітычная каньюнктура, гэта спробы намаляваць тое, чаго насамрэч не было, Так, мы былі канструктыўнай асноваю, мы былі канструктыўным заканадаўчым ворганам, а йначай быць ня можа", — упэўнены сьпікер Малафееў. Але ён прызнаў тое, што Захад не лічыў першую "палату" законным парлямэнтам Беларусі.

Яшчэ адной асаблівасьцю гэтага воргану была поўная адсутнасьць у ім беларускае мовы. Дый расейская там была вельмі своеасаблівая, у чым можна пераканацца з наступнага фрагмэнту прамовы Малафеева.

(Малафееў) "Нас ня раз спрабавалі выкінуць зь Міжпарлямэнцкага саюзу, гэта ўжо ўзаемадачыненьні, зьвязаныя з эўрапейскім сьветам ды ягонымі парлямэнцкімі структурамі. Вы ведаеце, што Міжпарлямэнцкі саюз — гэта 138 парлямэнтаў сьвету, дзе прадстаўленыя практычна ўсе кантынэнты зямное плянэты", — паведаміў Анатоль Малаефееў.

Вяртаючыся ад зямное плянэты да зямных справаў дэпутатаў, ён выказаў упэўненасьць, што Аляксандар Лукашэнка стрымае сваё слова ды працаўладкуе тых дэпутатаў, хто ня трапіў зь першае палаты ў другую. Спадар Малафееў таксама сказаў сёньня, што ў Беларусі больш як 20 адсоткаў працоўных атрымліваюць заробак ніжэйшы за бюджэт пражытнага мінімуму. Відавочна, колішнім дэпутатам Вярхоўнага Савету, якія перайшлі ў "палату", гэта не пагражае. Да таго ж Анатоль Малафеееў паабяцаў ім у пачатку сьнежня сустрэцца ў неафіцыйнай абстаноўцы, хаця роўна праз тыдзень, 21 лістапада, упершыню зьбярэцца палата другога скліканьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG